Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Я хачу падзяліцца з іншымі сваёй радасцю»: кветкі айца Чэслава Курэчкі з Росіцы
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
03.03.2016 20:55

Вясна ў Росіцу заўсёды прыходзіць раней, чым у іншыя гарады і вёскі Беларусі — калі яшчэ трымаюцца маразы і ляжыць снег. І адбываецца гэта тады, калі на вокнах росіцкай плябаніі раптам «успыхваюць» сотнямі чырвоных агеньчыкаў цюльпаны, якія з любоўю вырошчвае айцец Чэслаў Курэчка МІС, каб потым шчодра адарыць гэтымі кветкамі сваіх парафіянак і такім чынам павіншаваць іх з надыходам вясны.

Першыя цюльпаны

«Я заўсёды любіў кветкі, — успамінае святар. — Гэта мне перадалося ад маці. Яна вырошчвала іх шмат у нашым гародчыку — флоксы, вяргіні, гартэнзіі, касмеі. Я заўсёды маці дапамагаў. Старэйшы брат любіў больш каля бацькі круціцца, яго вабіла жалеззе рознае, я ж больш любіў прыроду, кветкі. І сярод усіх кветак мне найбольш падабаліся цюльпаны.

У дзяцінстве, калі бачыў, што ў некага яны цвітуць, то думаў: якія ж яны шчаслівыя! Калі ўжо вучыўся ў Даўгаўпілсе на кухара, то, убачыўшы на рынку цюльпаны, мог часамі назіраць, любавацца імі, асабліва калі бачыў іх у продажы зімой — тады мне здавалася гэта проста цудам, што вось пасярод зімы яны цвітуць!»



«І, убачыўшы восенню на рынку цыбулькі цюльпанаў, канешне ж, набыў іх. Праўда, толькі тры, бо на большае не хапіла — жыла наша сям’я небагата, лішніх грошай не было, ды і стыпендыі падчас вучобы не было. Пасадзіў я іх у матчыным гародчыку і так чакаў вясны!

Бацька, праўда, дакараў: маўляў, што ж ты, сын, грошы так патраціў неразумна. А мне, здаецца, не было большага шчасця! — кажа айцец Чэслаў. — Калі пайшоў працаваць і ў мяне з’явіліся свае грошы — тады купіў аж 50 цыбулек цюльпанаў, чырвоных і чорных. Ох, якая ж гэта была прыгажосць! Словамі не перадаць!»

Мама

Успамінае айцец Чэслаў і сваю родную вёску Загоршчыну на Браслаўшчыне. Святар кажа, што асабліва прыгожая яна ўвесну, калі цвітуць сады — вішні, яблыні. Зялёныя пагоркі, клекатанне буслоў. І, канешне, святар распавядае пра самага дарагога яму на зямлі чалавека — пра маці. «Яе звалі Ядвіга, яна прыгожая была, кветкі вельмі любіла», — з замілаваннем кажа айцец Чэслаў.

Святар прыгадвае асобныя эпізоды з дзяцінства, нібыта і малазначныя, але такія дарагія — як да яго, малога, прычапіўся гусак, і ён клікаў маму на паратунак. Успамінае, як прывезлі маці ўжо сур’ёзна хворую са шпіталя: «Яна выйшла з машыны і ад слабасці адразу за плот ухапілася. А ў торбачцы ў яе вінаград — дужыя такія вінаградзіны. Мы з братам схапіліся за яго, ён смачны такі, ці мы ж яго калі бачылі, той вінаград, а бабуля нам кажа: “Дзеткі, што вы гэта, маці ваша хворая, гэта для яе”».

«...Хавалі маму на пачатку верасня, тады было шмат кветак, і ўся яе труна патанала ў кветках. Мне тады было шэсць гадоў, — кажа святар і дадае пасля невялікай паўзы: — Я заўсёды маму памятаю. Малюся за яе».  

Потым у дом прыйшла іншая жанчына — Леакадзія: «Яна любіла нас з братам і глядзела, як сваіх — стала для нас другой маці, а для майго бацькі — любячай жонкай». Святар успамінае, як першы раз назваў мамай другую жонку свайго бацькі: «У лістападзе было вяселле іх, дык ужо ўвечары яна прыбірала посуд, а я кажу ёй: “Мама!” Яна заплакала: “А мая ж ты дзетка”». «І стала назаўсёды мне мамай», — задуменна кажа святар.

Яна таксама пайшла з жыцця заўчасна, не пабачыўшы на свае вочы здзяйсненне сваёй мары — яна заўсёды казала, што марыць, каб адзін з яе сыноў стаў святаром, і, пэўна ж, малілася ў гэтай інтэнцыі. Айцец Чэслаў распавядае, як мама Леакадзія вучыла яго з братам малітвам, успамінае, як хадзілі ў Слабодку на Вялікдзень. «У мяне было шчаслівае дзяцінства», — кажа святар.



«Аднак я тады многага не разумеў. Жыццё ў маіх маці было нялёгкае. А я так і не падарыў маім матулям букета цюльпанаў. І, можа, цяпер вось там хачу ім адудзячыць — дорачы кветкі маім парафіянкам. Яны мне як маці. Я люблю з імі паразмаўляць, паслухаць іх. Яны сапраўды многае перажылі», — прызнаецца айцец Чэслаў.
 
«Я хачу падзяліцца з іншымі сваёй радасцю — кветкамі»

Ужо некалькі гадоў жанчыны з росіцкай парафіі на пачатку вясны атрымліваюць ад айца Чэслава ў падарунак цюльпаны.

«У мяне ў сакавіку заўсёды цвітуць цюльпаны — асабліва я стаў прыктыкаваць гэта ў Росіцы, каб мець магчымасць павіншаваць маіх парафіянак з надыходам вясны. Мае парафіянкі моляцца за мяне і ўсяляк мне дапамагаюць, я заўсёды магу на іх разлічваць. І ў сваю чаргу я хачу падзяліцца з імі сваёй радасцю — гэтымі кветкамі», — кажа святар.

Па бліжэйшых вулачках кветкі айцец Чэслаў разносіць па хатах сам, дзе далей — паштальён заносіць іх разам з газетамі. «Якія людзі тады шчаслівыя, як атрымоўваюць у падарунак цюльпаны. Бабулькі плачуць — кажуць, мы сядзім тут, састарэлыя, нікому не патрэбныя, а айцец Чэслаў памятае пра нас. І я ад радасці з імі плачу», — дзеліцца святар.



Але ёсць далёкія вёскі, куды, каб падараваць кветкі, святар едзе асабіста. У першую чаргу едзе ён да жанчын-сведкаў росіцкай трагедыі. Іх застаецца ўсё менш і менш, і тым больш хочацца не ўпусціць гэтага моманту, каб паспець яшчэ раз нагадаць ім, што яны не забытыя, пра іх памятаюць. Адной з першых у гэтым годзе айцец Чэслаў наведаў Юлію Бабок у вёсцы Крывасельцы ў чатырох кіламетрах ад Росіцы.

Падчас жахлівай росіцкай трагедыі 1943 года Юля некалькі дзён разам з маці і братамі правяла ў настылым росіцкім касцёле. Ёй пашанцавала выжыць, прайшоўшы пекла на зямлі ў чатырох канцлагерах, і пашанцавала вярнуцца на родную зямлю, палітую крывёю росіцкіх мучанікаў.
Юлія радуецца і прыходу святара ў хату, і кветкам. І зноў, і зноў распавядае аб тым, што тады ёй прыйшлося перажыць.
    
«Мая дзіцячая мара здзейснілася — у Росіцы так шмат цюльпанаў»

«Цяпер мая дзіцячая мара здзейснілася — у Росіцы так шмат цюльпанаў. Яны цвітуць усюды і радуюць вока», — кажа айцец Чэслаў.  

Святар распавядае, што проста не можа спакойна прайсці міма, калі прадаюцца цыбулькі цюльпанаў. У ягонай калекцыі ўжо больш за сто гатункаў. У мінулым годзе айца Чэслава вельмі парадаваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, прывёзшы новыя гатункі цюльпанаў. Святар з гонарам прадэманстраваў, што гэтыя цюльпаны, пасаджаныя каля плябаніі, ужо праклюнуліся.


Кветкі для айца Чэслава — жывыя, ён любіць пяшчотна пагладзіць іх, размаўляе з імі. А яны ў сваю чаргу адплачваюць за гэта прыгожым суквеццем, праслаўляючы такім чынам веліч і магутнасць Таго, Хто стварыў іх разам з гэтым светам. І, пэўна, нездарма адна з першых ружаў, якую вырасціў у свой час айцец Чэслаў, была гатунку «Глорыя Дэі» — «Хвала Богу».

Тады юнак гэтага яшчэ не ведаў, але, магчыма, адчуваў, што кветкі, якія ён так любіць — адзін са знакаў прысутнасці Бога ў чалавечым жыцці. І, напэўна, так пакіраваў Божы Провід, што ў маленькую занядбаную вёску на ўскрайку Беларусі, якая спазнала так шмат гора і нялюдскай нянавісці, прыехаў святар, які вось такім чынам пачаў лячыць-загойваць раны гэтай зямлі — прыгажосцю вялікай колькасці кветак, якія цвітуць тут з ранняй вясны да позняй восені.

У многіх пілігрымаў, якія прыязджаюць у Росіцу, склалася добрая традыцыя — прывозіць з паломніцтва кветкі, вырашчаныя айцом Чэславам, як напамін пра гэтае святое месца. Таксама і я вярталася з Росіцы з яе маленькай частачкай — прыгожым букетам чырвоных цюльпанаў, падораных мне на развітанне айцом Чэславам.   

Кацярына Лаўрыненка, фота аўтара        


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў