24 сакавіка, у Вялікі чацвер, у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага адбылася святая Імша Вячэры Пана, якой Каталіцкі Касцёл распачынае Пасхальны Трыдуум. Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
У час Імшы віцебскі ардынарый здзейсніў прыгожы жэст пакоры і любові да бліжняга, абмыўшы ногі дванаццаці мужчынам з парафіі Езуса Міласэрнага — так, як гэта зрабіў Езус падчас Апошняй Вячэры, калі абмыў ногі сваім вучням, абавязаўшы іх такім чынам сведчыць любоў да бліжняга. «Бог у любові становіцца хлебам»
У гаміліі біскуп Алег Буткевіч, кажучы аб устанаўленні сакрамэнту Эўхарыстыі, нагадаў, што «ахвяра Хрыста знішчыла паўсталую праз непаслухмянасць чалавека сапсаванасць, перамяніла гэты свет» і менавіта такім чынам Бог «пажадаў застацца з чалавекам».
Іерарх дадаў, што Бог у сваёй любові, нават «дазволіўшы чалавеку ад Сябе адысці», не пакідае сваё стварэнне без дапамогі і надзеі.
«Бог у сваёй любові становіцца не толькі чалавекам, Ён становіцца для нас хлебам — каб мы мелі магчымасць прыняць Яго ў сваё сэрца», — падкрэсліў іерарх.
«За душу чалавека ідзе барацьба паміж дабром і злом» Віцебскі ардынарый адзначыў, што людзі нібыта веруючыя, якія адмаўляюць патрэбу быць у Касцёле, аргументуючы прысутнасць Бога ў сваёй душы, памыляюцца:
«Гэта самападман чалавека, — сказаў біскуп. — Бо душа — гэта адзінае месца ў свеце, дзе якраз Бога можа не быць, і менавіта за душу чалавека ідзе вельмі вялікая, нават крывавая, барацьба паміж дабром і злом, паміж Богам і злым духам, які ўсялякім коштам імкнецца завалодаць душой чалавека. І калі чалавек жыве нязгодна з Божымі загадамі, дазваляючы ў сваёй душы валадарыць злому духу — там няма месца Богу», — падкрэсліў іерарх.
«Сакрамэнт Эўхарыстыі — духоўны пасілак на дарозе ў вечнасць»
Біскуп Віцебскі адзначыў, што недастаткова толькі прызнаць, што свет створаны Богам і менавіта Бог кіруе ім:
«Бог з’яўляецца для нас Айцом, які любіць нас і ўвесь час хоча гэта падкрэсліць. І кульмінацыяй гэтай любові, — сказаў іерарх, — з’яўляецца тое, што мы маем магчымасць прыняць Яго ў нашае сэрца».
«Калі мы толькі прызнаём гэта — існаванне Бога пад постаццю хлеба і віна, — мы прызнаём магчымасць дзейнічаць Яму ў нашым жыцці. Але дзеля гэтага патрэбна пакора, прызнанне таго, кім мы ёсць, прызнанне перад Богам сваёй абмежаванасці».
Біскуп падкрэсліў, што сакрамэнт Эўхарыстыі павінен быць духоўным пасілкам на дарозе ў вечнасць. «Без гэтай Божай ласкі мы не вытрываем на гэтым шляху», — зазначыў іерарх.
Біскуп заклікаў, каб вернікі, падобна апосталам, «станавіліся сведкамі той вялікай любові, якую Бог пакідае нам у жыцці».
Напрыканцы гаміліі віцебскі ардынарый пажадаў «умець заўважаць, наколькі Бог па-сапраўднаму любіць кожнага з нас, і ўмець цаніць у жыцці тыя дары і ласкі, з якімі Ён да нас прыходзіць».
Пасля Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў працэсіі ў капліцу адарацыі, так званую «цямніцу», што прыгадвае аб знаходжанні Езуса ў вязніцы.
Кацярына Лаўрыненка, фота Анатоля Бандарчука-Вошлава і Кацярыны Папяленкі
|