Біскуп Алег Буткевіч асвяціў крыж пад будаўніцтва новага касцёла ў Паставах |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
|
25.04.2016 10:46 |
23 красавіка ў Паставах біскуп Віцебскі Алег Буткевіч асвяціў новы крыж на пляцы, дзе будзе ўзведзена святыня Езуса Міласэрнага. Ва ўрачыстай падзеі прынялі ўдзел жыхары Паставаў і духавенства.
Звяртаючыся да прысутных, біскуп Алег Буткевіч адзначыў, што будаўніцтва новай святыні вельмі патрэбна, таму што яна будзе месцам сустрэчы людзей з Богам.
У кантэксце Юбілейнага Года Міласэрнасці, які перажывае зараз Касцёл, пастаянна нагадваючы людзям пра дзеянне Бога, багатага міласэрнасцю і ласкай, новая святыня атрымае тытул Езуса Міласэрнага.
Біскуп заахвоціў удзельнікаў урачыстай падзеі маліцца аб паўстанні новай святыні ў Паставах, бо для яе ўзвядзення патрэбна здзейсніць велізарную працу. Зараз у Паставах існуе адна каталіцкая святыня Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Антонія Падуанскага, дзе з 1994 г. служаць ксяндзы сэрцане.
Аб сваім рашэнні стварыць у Паставах новую парафію і пабудаваць новую святыню біскуп Віцебскі Алег Буткевіч паведаміў вернікам 16 сакавіка 2014 г. падчас святой Імшы ў пастаўскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Антонія Падуанскага. Кс. Юрый Марціновіч
|
Фотарэпартаж |