З 1 па 8 мая ў парафіі Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне адбыліся святыя місіі. Іх праводзілі айцы рэдэмптарысты з Гродзенскай дыяцэзіі Анджэй Ядкоўскі і Валерый Мазюк.
На час місій пробашч парафіі кс. Андрэй Кулік перадаў місіянерам уладу ў касцёле, уручыўшы ім святарскія стулы і ключ ад святыні.
Апошні раз святыя місіі былі ў Дзеркаўшчыне ў 1938 годзе, таму для парафіян гэта быў перыяд асаблівай Божай ласкі. Падчас місій адбываецца аднаўленне веры ў парафіі, вернікі маюць магчымасць больш навярнуцца да Бога.
Місіі звычайна праходзяць на працягу васьмі дзён. Айцец Анджэй Ядкоўскі патлумачыў гэта так: «Мы як айцы рэдэмптарысты праводзім фундаментальныя місіі, якія закладаюць падмурак веры чалавека. І нават васьмі дзён тут мала. Гэта такі неабходны мінімум, каб пазнаць Божую любоў, адкрыцца на Яго міласэрнасць».
Падчас гэтых васьмі дзён праводзіліся навукі для дзяцей, моладзі, бацькоў, для людзей пажылых і хворых.
У аўторак пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік ляжаў крыжам каля алтара, каб перапрасіць Бога за свае грахі і грахі парафіі. Таксама святар папрасіў прабачэння за свае грахі ў парафіян. Шмат у каго гэта выклікала слёзы на вачах.
У сераду адбыўся Крыжовы шлях па вуліцах Дзеркаўшчыны, а ў пятніцу – аднаўленне сужэнскіх абяцаннў. Вернікі парафіі падчас святых місій вельмі палюбілі Марыйны Заклік – вечаровае набажэнства са свечкамі ў гонар Маці Божай.
Па словах ксяндза Андрэя, ён вельмі хваляваўся перад пачаткам місій, ці шмат вернікаў будзе хадзіць на працягу гэтага тыдня ў касцёл. Але святыня ўвесь час была запоўнена, прыходзілі нават тыя парафіяне, якія звычайна рэдка наведваюць храм.
У нядзелю, 8 мая, адбыўся апошні дзень парафіяльных місій. У гэты дзень перад касцёлам быў пастаўлены і асвечаны крыж у памяць аб місіях. Таму святая Імша пачалася працэсіяй вакол касцёла. Мужчыны на плячах пранеслі місійны крыж вакол святыні. Вернікі ў гэты час неслі ў руках свае маленькія крыжы. Пасля працэсіі крыж быў урачыста ўсталяваны перад касцёлам.
Айцец Валерый Мазюк падчас Імшы заклікаў вернікаў абвяшчаць Божае слова сваім родным, суседзям, аднавяскоўцам, жыць паводле Божых запаведзяў і не саромецца сваёй веры. «Калі пробашч прасіў прабачэння ў вас за свае грахі, бо ніхто з нас не з’яўляецца анёлам, шмат у каго на вачах я бачыў слёзы. Але іх не трэба было саромецца – гэта благаслаўлёныя слёзы. Бо гэта знак таго, што Бог дакрануўся да вашых сэрцаў, увайшоў у ваша жыццё», – сказаў святар.
Напрыканцы Імшы вернікі атрымалі благаслаўленне ад айцоў рэдэмптарыстаў, а таксама поўны адпуст, умовай атрымання якога быў удзел у святых місіях, споведзь і малітва ў інтэнцыях Папы Францішка.
Пасля айцы Анджэй і Валерый вярнулі ксяндзу Андрэю Куліку святарскія стулы і ключ ад касцёла, такім чынам зноў перадаўшы ўладу ў парафіі пробашчу.
Ксёндз Андрэй Кулік пасля заканчэння місій адзначыў: «Святыя місіі ў Дзеркаўшчыне для мяне як для пробашча — гэта знак таго, што мы рухаемся наперад, развіваемся ў сваёй веры, хочам пазнаць Бога. Колькасць людзей, якія прыходзілі ў гэтыя дні ў касцёл, паказала, што гэта вельмі важна для іх. Яны цікавяцца рэлігіяй, цікавяцца Богам, хочуць паглыбіць свае веды аб Ім».
15 мая айцы рэдэмптарысты пачнуць святыя місіі ў Слоніме.