Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Віцебску ўпершыню прайшла акцыя «З Богам па дарогах»
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
16.05.2016 10:31

14 мая ў Віцебску ўпершыню адбылася акцыя «З Богам па дарогах», арганізаваная сумесна Віцебскай рыма-каталіцкай дыяцэзіяй і ДАІ па ініцыятыве пробашча катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага ксяндза Андрэя Аніскевіча.

Мерапрыемства пачалося ад гіпермаркета «Карона», адкуль калона матацыклістаў праехала праз увесь горад да катэдральнага касцёла.


У касцёле адбылося адмысловае набажэнства для байкераў, якое пачалося спевам «Магутны Божа». Прывітаўшы байкераў, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч звярнуўся да іх з прамовай. Іерарх нагадаў, што правілы паводзінаў існуюць не толькі на дарогах, але і ў маральным жыцці, і заклікаў прысутных прытрымлівацца маралі ва ўсіх сферах жыцця. Затым біскуп благаславіў байкераў на распачацце мотасезону і, памаліўшыся за кіроўцаў на дарогах, акрапіў прысутных асвячонай вадой.  

Напрыканцы набажэнства ксёндз Андрэй Аніскевіч заклікаў памятаць пра загінулых на дарогах, пасля чаго асвяціў матацыклы на паркінгу каля касцёла.  


Сустрэча байкераў завяршылася ў кавярні пры касцёле, дзе прысутныя маглі паразмаўляць  у нефармальнай абстаноўцы са святаром аб правілах паводзінаў на дарогах.

У акцыі прыняло ўдзел некалькі дзясяткаў байкераў з тэрыторыі Віцебскай дыяцэзіі, для якіх гэта стала добрай нагодай для «сустрэчы» з Касцёлам, бо большасць удзельнікаў акцыі – людзі няверуючыя, сярод якіх, аднак, ёсць і католікі.    

Іван Каташук, які належыць да парафіі Святой Барбары ў Віцебску, кажа: «Я з’яўляюся вернікам і ўсё, што я раблю ў сваім жыцці, стараюся рабіць з Богам, для мяне важна, што Бог прысутнічае ва ўсіх сферах майго жыцця. Як кіроўца я ведаю аб важнасці выканання правіл дарожнага руху, але  перадусім я памятаю пра гэта як хрысціянін».

Зміцер Образаў, парафіянін катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага,  які хоць і мае ўжо шмат гадоў стажу кіроўцы, але толькі год байкерскага стажу, прызнаецца, што з нецярплівасцю чакаў гэтай акцыі, аб правядзенні якой даведаўся яшчэ зімой. Ён падкрэслівае, што вельмі важна тое, што гэтая акцыя праходзіць пад эгідай Касцёла – «гэта дасць добры духоўны плён для ўсіх яе ўдзельнікаў».


Ксёндз Андрэй Аніскевіч, які карыстаецца матацыклам яшчэ са школьнага ўзросту,  распавёў для Catholic.by, што ўпершыню правёў падобную акцыю яшчэ падчас свайго служэння ў Італіі. «Там матацыкл з’яўляецца звычайным сродкам перамяшчэння, якім вельмі актыўна карыстаюцца святары, і гэта не выклікае ў вернікаў здзіўлення», – адзначыў пробашч парафіі Езуса Міласэрнага. Неўзабаве ксёндз Андрэй пачаў ладзіць сустрэчы для байкераў, якія самі прапанавалі, каб святар асвяціў іхнія байкі – у Італіі асвячэнне транспартных сродкаў даволі распаўсюджаная з’ява. Святар адзначыў, што ў апошні год ягонага служэння ў Італіі, у 2005 г., гэтая акцыя ў рэгіёне Беллуно, дзе ён служыў, сабрала амаль 700 чалавек. Вяртаючыся ў Беларусь, ксёндз Андрэй і прывёз з сабой байк, і праз некаторы час пачаў ладзіць падобныя акцыі ў Лепелі на свята горада. «Мы збіралі матацыклістаў з усяго раёна і нават вобласці», – кажа святар.

У мінулым годзе ксёндз Андрэй пераехаў служыць у Віцебск і прызнаецца, што не думаў, што нешта падобнае можна будзе зладзіць тут. «Але вось мае знаёмыя байкеры з Полацка, – дарэчы, людзі далёкія ад веры, – звярнуліся да мяне з просьбай арганізаваць якое-небудзь “духоўнае” мерапрыемства. Гэта сведчыць аб тым, што падсвядома яны шукаюць Бога і імкнуцца распазнаць Яго прысутнасць у сваім жыцці», – адзначае святар.  


«Мне хочацца развянчаць міф аб байкерах як аб нейкіх „чорных” людзях, якія наводзяць страх на людзей», – кажа кс. Андрэй Аніскевіч. Адзначаючы, што каля 90 працэнтаў удзельнікаў акцыі – людзі няверуючыя, якія нават і не думалі, што нешта падобнае можа адбыцца пад эгідай Касцёла, святар падкрэслівае, што правядзеннем гэтай акцыі хоча паказаць, што Касцёл блізкі да кожнага чалавека, што «мы працуем з людзьмі ва ўсіх сферах, а не толькі, напрыклад, з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі ці сіротамі». «А галоўнае, я хачу паказаць, што мы з Богам», – дадае святар.   

Кацярына Лаўрыненка
Фота Ксеніі Серай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў