Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
99-ю гадавіну фацімскіх аб’яўленняў Марыі адзначылі ў Шуміліне
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
16.05.2016 11:27

«Сёння гэтая зямля перажывае росквіт, сёння тут трыумфуе Беззаганнае Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі», — сказаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч 13 мая ў  санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне.

У гэты дзень, у 99-ю гадавіну аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, тут сабраліся вернікі з усёй Беларусі, каб у чарговы раз узгадаць аб пасланні Панны Марыі і супольна адсвяткаваць 20-годдзе дзейнасці Легіёна Марыі ў Віцебску.

Дзеля гэтага ў Шуміліне сабраліся прадстаўнікі Легіёна Марыі з Мінска, Маладзечна, Верхнядзвінска, Глыбокага і Дунілавічаў, а таксама шмат вернікаў з усёй Віцебскай дыяцэзіі.


Святкаванне пачалося Вяночкам да Божай Міласэрнасці. Наступным пунктам праграмы стала сустрэча легіянераў, падчас якой яны дзяліліся сваімі гісторыямі пакліканняў у Легіён Марыі і давалі сведчанні аб сваёй місіі.

«Дзейнасць у Легіёне Марыі змяніла мяне і свет вакол мяне», — распавяла Ала Пяцікава з Віцебска, якая ў Легіёне ўжо 19 гадоў.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў Легіёну Марыі, айцец Кшыштаф Коц’ян ОР у сваёй канферэнцыі нагадаў, што не варта паддавацца ілюзіі, нібыта яны змяняюць гэты свет, падкрэсліўшы пры гэтым: «Рабіце тое, што ў вашай моцы, тую малую працу, якая вам даручаецца».

Падчас святкавання вернікі маглі азнаёміцца з экспазіцыяй, прысвечанай дзейнасці Легіёна Марыі ў Віцебску.

Ужо стала традыцыяй, што ў гэты дзень на святкаванне з Віцебска ў Шуміліна прыходзіць пешая пілігрымка — гэтым разам адлегласць у 40 кіламетраў у спякотны сонечны дзень пілігрымы пераадолелі разам з айцом Паўлам Мажэйкам ОР.


Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Для яго гэтае месца і дзень таксама вельмі адметныя — 16 гадоў таму ў той жа самы дзень ён атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў Віцебску, пасля чаго разам з усімі прыехаў у Шуміліна, дзе тады на стадыёне адбылася сустрэча ў гонар Маці Божай Фацімскай. З гэтай нагоды віцебскага ардынарыя павіншавалі святары і вернікі.

Гамілію біскуп прысвяціў тэме веры і надзеі. Іерарх нагадаў, што гэты год — апошні перад стагоддзем фацімскіх аб’яўленняў, названы Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Годам надзеі ў межах трохгадовага цыклу падрыхтоўкі да юбілею. Пры гэтым біскуп падкрэсліў, што «фундаментам надзеі павінна быць міласэрнасць».

Кажучы аб фацімскіх аб’яўленнях, віцебскі ардынарый нагадаў аб просьбах Маці Божай аб малітве на ружанцы і падкрэсліў важнасць і моц гэтай малітвы.

Іерарх распавёў гісторыю аднаго цуду аздараўлення, які адбыўся на беларускай зямлі. Некалькі месяцаў таму да яго звярнуўся, просячы маліцца аб здароўі для сваёй маці, якая захварэла на рак, адзін чалавек.

Дактары не давалі добрых прагнозаў — захворванне знаходзілася ўжо амаль у чацвёртай стадыі і ва ўсім целе жанчыны былі метастазы. Аднак сям’я пастанавіла пасціць у інтэнцыі аздараўлення маці, пры гэтым молячыся да Панны Марыі на ружанцы. І праз некаторы час, як сказаў біскуп, здарыўся цуд: дактары не знайшлі адзнакаў хваробы — яны зніклі.


Аднак, распавядаючы пра гэта, біскуп Віцебскі падкрэсліў, што «Маці Божая ў першую чаргу выпрошвае ў Бога аздараўлення нашых духоўных хваробаў, бо яны найперш з’яўляюцца прычынай нашых няшчасцяў, якія нішчаць наша грамадства, нашы сем’і».

Напрыканцы гаміліі іерарх пажадаў, каб гэты год стаў для вернікаў годам абуджэння надзеі, «годам чарговага адкрыцця той бязмежнай велічы любові Бога, дзякуючы якой мы яшчэ трываем», нагадваючы, што гэтую надзею дае заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.

Напрыканцы Імшы Марыя Мартыненка, намеснік старшыні каміцыума Маці Божай Будслаўскай, распавяла пра дзейнасць Легіёна Марыі ў Беларусі.


Пасля Імшы вернікі разам з біскупам і святарамі прайшлі ў працэсіі вакол касцёла, молячыся на ружанцы. Апошняя таямніца Ружанца была прачытана дзецьмі шумілінскай парафіі перад фігурай Маці Божай Фацімскай у касцёле.

Скончылася святкаванне на вуліцы, дзе вернікі частаваліся вячэрай і слухалі спевы мясцовага дзявочага гурта.

Кацярына Лаўрыненка,
Фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў