14 мая ў парафіі Святога Юды Тадэвуша ў Лучаі адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар святога Андрэя Баболі. Пакутнік Палесся, які лічыцца апекуном Беларусі, штогод асаблівым чынам ушаноўваецца ў лучайскай святыні.
Перад абразом палымянага прапаведніка, місіянера, «душахвата» – усе гэтыя эпітэты тычацца святога Андрэя Баболі, – адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Адарацыя суправаджалася спевам Ларэтанскай літаніі да Маці Божай, таксама вернікі мелі магчымасць адараваць Пана Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце з адмысловымі разважаннямі і спевамі.
Асаблівым чынам у падрыхтаваных разважаннях была закранута тэма трагічнага часу, калі дзейнічаў і прыняў пакутніцкую смерць святы. «Андрэй Баболя жыў у час, што быў, як і сённяшні, пазначаны рознымі падзеламі. Але ён не быў абыякавым да наступстваў гэтых падзелаў. Айцец Баболя распачаў канкрэтныя дзеянні, каб аднаўляць страчаную еднасць. І, хаця падаецца, што з чалавечага пункту гледжання ён прайграў, бо спазнаў жорсткае пакутніцтва, – насамрэч яго служэнне спазнала самы шумны трыумф», – гаварылася ў разважаннях.
Адпустовую святую Імшу, якая пачался ўрачыстай працэсіяй святароў з міністрантамі, цэлебравалі ксёндз Раман Мурзіч з Параф'янава і пробашч лучайскай парафіі ксёндз Мікалай Ліпскі. Іншыя святары-госці з суседніх парафій – ксёндз Андрэй Возьняк з Паставаў і ксёндз Андрэй Кулік з Дзеркаўшчыны – дапамагалі вернікам ачысціць свае душы ў сакрамэнце пакаяння.
У гаміліі ксёндз Раман Мурзіч спалучыў развагі на дзве тэмы – Спаслання Духа Святога і жыццяпісу Андрэя Баболі. Нагадваючы пра пакутніцкі шлях святога, ксёндз Мурзіч таксама зрабіў акцэнт на адзінстве, якое імкнуўся сеяць сваімі словамі святы Андрэй Баболя.
У працэсіі да алтара падчас Імшы разам з традыцыйнымі дарамі – крыжам, хлебам, віном, гостыяй, кветкамі, – прадстаўнік байкераў прынёс да алтара сімвалічную мадэль матацыкла: у гэты дзень у Лучай завіталі шматлікія байкеры з наваколля, каб з Богам распачаць новы мотасезон. Аматары матацыклаў з Віцебска, Паставаў, Варапаева, Глыбокага, Шаркаўшчыны, Полацка, Вілейкі, Браслава прыехалі асвяціць свае транспартныя сродкі. «Не ўсе з іх пабожныя, нехта думае – гэта як абярэг, калі вырашае паехаць “асвяціць матацыкл”. Але ж шлях да Бога пачынаецца з малога», – лічыць святар з Дзеркаўшчыны кс. Андрэй Кулік.
Пасля заключнай Літаніі да святога Андрэя Баболі і працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол святыні вернікі змаглі ўшанаваць рэліквіі святога – рэліквіярый з іх часцінкай быў урачыста дастаўлены ў Лучай тры гады таму.
Сёлета лучайскі касцёл адзначыць 250-гадовы юбілей свайго заснавання, таму пробашч і парафіяне актыўна вядуць працы па добраўпарадкаванні парка святыні. Чарговым крокам па стварэнні сакральна-паркавага ландшафта стала асвячэнне чарговай фігуры апостала – апостала Тамаша, ахвяраванай вернцай з Шаркаўшчыны Аленай Зорынай.
Лучайскія святы здзіўляюць кожны раз. Не стаў выключэннем і першы вясновы парафіяльны фэст: атрымаўшы благаслаўленне на новы мотасезон, байкеры на асвечаных матацыклах прадставілі гасцям і мясцовым вернікам незвычайнае відовішча, дэманструючы рознастайныя піруэты на двухколавых «конях». Таксама для ўдзельнікаў свята была падрыхтавана канцэртная праграма ад ансамбля «Ферцінка» з Полацкага раёна са спевамі на беларускай, польскай і рускай мовах.
Атрымаўшы традыцыйнае благаслаўленне на шчаслівае вяртанне дадому ад пробашча кс. Мікалая Ліпскага, вернікі развітваліся з Лучаем, маючы намер наведаць квітнеючы аазіс духоўнага і культурнага жыцця рэгіёна 26 чэрвеня – на Дзень сям'і, а таксама 23 ліпеня, калі падчас фэсту святой Ганны лучайская святыня адзначыць сваё 250-годдзе ад заснавання.
Алена Клімза-Колтан Фота Сяргея Вшыўкова
|