Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Бог жадае вандраваць па вуліцах нашых гарадоў»: працэсія Божага Цела прайшла ў Віцебску
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
30.05.2016 15:19

28 мая сотні вернікаў з усёй дыяцэзіі разам са святарамі і законнымі сёстрамі на чале з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам прайшлі вуліцамі Віцебска ў працэсіі Божага Цела, каб такім чынам публічна даць сведчанне сваёй веры ў рэальную прысутнасць Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста адбываецца ў чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы. У гэты дзень ва ўсіх парафіях дыяцэзіі праходзяць эўхарыстычныя працэсіі, а ў суботу вернікі ўсёй дыяцэзіі накіроўваюцца ў Віцебск.

Адраджэнне гэтай традыцыі ў Віцебску адбылося ў 2005 годзе пасля шматгадовага перарыву — да гэтага апошняя эўхарыстычная працэсія адбылася ў сярэдзіне 1920-х гадоў, верагодна ў 1926 годзе. Тады яе шлях пралягаў паміж касцёлам святога Антонія і касцёлам святой Барбары.

Сёлетняя працэсія пачалася святой Імшой ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Канцэлебравалі Імшу ўсе прысутныя святары на чале з Генеральным вікарыем Віцебскай дыяцэзіі кс. Францішкам Кіселем.

У гаміліі біскуп Віцебскі нагадаў, што «найбольшым прагненнем Бога ўжо ад моманту стварэння чалавека было імкненне прабываць блізка з ім», і дадаў, што «сёння мы патрабуем моцнай веры — веры ў тое, што Бог сапраўды ёсць з намі».

Віцебскі ардынарый адзначыў, што можна было б запытацца: навошта вернікам выходзіць на вуліцу і даваць дэкларацыю сваёй веры? — і адказаў: «таму, што Бог жадае быць не толькі з кожным асабіста, быць у нашых сэрцах, — але Ён хоча быць з намі як са сваім народам і вандраваць з намі па жыцці па вуліцах нашых гарадоў — там, дзе мы штодня ідзём на працу, там, дзе мы штодня сустракаем нашых блізкіх і вырашаем штодзённыя справы, праблемы — Ён, будучы Жывым Богам, хоча быць там».  

Нагадваючы, чаму менавіта ў Віцебск запрашаюцца вернікі на працэсію Божага Цела, біскуп адзначыў, што менавіта сюды, у выніку працэсу ўрбанізазацыі, пераязджае моладзь з вёсак, «бо тут ёсць будучыня», і «менавіта таму гэты горад у першую чаргу патрабуе быць “асвечаным”, каб цешыцца Божым благаслаўленнем і ласкай». «І таму як ніякае іншае месца вобласці Віцебск патрабуе тых людзей, якія б сведчылі аб сваёй веры», — дадаў іерарх.

Кажучы пра тое, што Бог не можа збавіць гэты свет без згоды чалавека, без пошуку кожным Божай волі, віцебскі ардынарый нагадаў аб фінальнай сцэне знакамітага рамана Генрыка Сянкевіча «Quo vadis». Падчас ганенняў на хрысціян апостал Пётр пакідае Рым і сустракае Хрыста, які ідзе ў Рым.

«На пытанне апостала: "Куды ідзеш, Пане?", Ён адказаў, што ідзе, каб зноў памерці на крыжы, і Пётр разумее, што гэта заахвочанне для яго, каб не ўцякаць, а вярнуцца і здзейсніць Божую волю, — адзначыў біскуп. — Езус уваходзіць у горад — і сёння мы здзейснім тое самае, мы ўвойдзем у гэты горад разам з Езусам Хрыстом — не толькі мы з ім, але і Ён з намі, які ёсць сярод нас».

Іерарх дадаў, што для многіх людзей, якія будуць назіраць за працэсіяй, «гэта будзе ўжо першым крокам, каб задумацца, каб паспрабаваць штосьці змяніць у сваім жыцці — а гэтую змену здзейсніць ласка, якую нясе з сабою Божае Слова, якое сталася Целам, якое прагне прабываць сярод нас, якое яднае нас у адну сям’ю».

Пасля Імшы са спевам эўхарыстычных песень працэсія выйшла на вуліцы горада. Яе шлях традыцыйна пралягаў праз мікрараён «Поўдзень» — даволі малады раён, на тэрыторыі якога знаходзяцца два касцёлы.

Каля чатырох стацыйных алтароў, якія сімвалізуюць чатыры Евангеллі і чатыры бакі свету, адбывалася спяванне Евангелля і благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Удзел у гэтай працэсіі абавязкова прымаюць дзеці, якія ў гэтым годзе ўпершыню прынялі святую Камунію.

Скончылася працэсія ля касцёла Святога Духа, дзе біскуп удзяліў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Напрыканцы прагучалі гімны «Цябе, Божа, праслаўляем» і «Магутны Божа».

Пасля працэсіі вернікі маглі падсілкавацца і паслухаць выступленне музычнага гурта моладзі з парафіі Святога Духа.

Кацярына Лаўрыненка
Фота Кацярыны Лаўрыненка і Ксеніі Серай
    

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў