Дыялог і будаўніцтва мастоў паміж мастацтвам і рэлігіяй былі асноўным матывам правядзення другога мастацкага пленэру «Пачаткі», які праходзіць з 17 ліпеня на базе старажытнага кляштара ў Друі. Амаль на тыдзень ваколіцы Друі і старыя келлі кляштара ператварыліся ў творчыя майстэрні для 32 мастакоў.
Гаспадар пленэру ксёндз Сяргей Сурыновіч, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі, нагадвае, што ва ўсе эпохі рэлігійныя інстытуты актыўна ўплывалі на развіццё мастацтва, і падкрэслівае пры гэтым, што «Каталіцкі Касцёл — калыска сапраўднага мастацтва». Святар адзначае, што не ставіў сабе за мэту сабраць на пленэры толькі веруючых мастакоў: «Пленэр у друйскім кляштары, дзе ўсе прапітана духоўнасцю, — гэта ўжо евангелізацыя».
Пленэр, які праводзіцца ў Друі толькі другі раз, ужо карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод мастакоў. У гэтым годзе было пададзена 82 заяўкі, з якіх было адабрана 32. У пленэры ўдзельнічаюць як мэтры беларускага жывапісу — Вольга Сазыкіна, Марта Шматава, Дзімтрый Сурыновіч, Алег Іларыёнаў і Алесь Пушкін, — так і пачаткоўцы, якія ў сваю чаргу прадстаўляюць усе накірункі сучаснага жывапісу: ад авангарду, сімвалізму да рэалізму.
Гэты пленэр адметны і тым, што прадстаўляе ўнікальную магчымасць малодшаму пакаленню мастакоў вучыцца ў сапраўдных майстроў — сярод удзельнікаў восем студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якія прыехалі разам са сваімі выкладчыкамі. Тут ужо склалася традыцыя, што ўвечары, пасля сканчэння працоўнага дня, працы пачаткоўцаў абмяркоўваюцца, даюцца парады. Ксёндз Сяргей Сурыновіч распавядае: «У першы дзень я сказаў усім удзельнікам пленэру, што я зацікаўлены ў тым, каб тут яны раскрыліся так, як лічаць патрэбным».
Самі ўдзельнікі адзначаюць, што для іх час удзелу ў пленэры ў Друі — гэта час не толькі інтэнсіўнай працы над мастацкімі творамі, але і духоўных пошукаў.
Настасся Бурко, маладая мастачка, парафіянка архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, кажа, што сярод іншага яе прываблівае магчымасць пажыць у кляштарных мурах. Яна нагадвае аб праблеме для сучасных творцаў — калі трэба працаваць на замову. «Аднак калі я саджуся і раблю нешта для душы, я станаўлюся больш адкрытай на Бога. Мы знаходзімся тут, у гэтай атмасферы пастаянна, і гэта “прапітвае” нашу творчасць у гэты час. Мы знаходзімся каля касцёла, з намі размаўляе ксёндз, і так ці інакш ты пазнаеш Бога праз людзей, праз святара, праз гэтую мясцовасць, праз тое, што ты малюеш».
Антон Вырва, мастак і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кажа: «Тут, на пленэры, я адкрыў для сябе Друю — вельмі маляўнічае мястэчка са сваёй багатай гісторыяй. Гэта сапраўдны куточак беларускасці». На пытанне, ці паўплываў гэты пленэр на яго ў духоўным плане, мастак адказвае: «Жывапіс — гэта і ёсць духоўнасць, асабліва жывапіс рэалістычны. Ты адлюстроўваеш гэты Божы свет, імкнешся пранікнуць у яго, бо дзе бы ты ні маляваў — ва ўсім ёсць Бог».
Крысціна Шчарбак прыехала на пленэр у другі раз. Яна адзначае, што сюды яе прывабіла своеасаблівая атмасфера, якая пануе тут: «Тут неяк па-іншаму ідзе час». «Любы пленэр прымушае задумацца пра Бога, калі ты бачыш, наколькі ўсе створана такім цудоўным чынам, і калі імкнешся хоць крыху гэта перадаць, адчуваеш, што Бог знаходзіцца менавіта тут, Ён прамаўляе праз гэтую прыгажосць», — дадае Крысціна.
Кацярына Лаўрыненка
Фота аўтара
|