Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Малітва ў Росіцы ноччу: «Гэта месца, дзе адчуваецца моц адвагі»
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
07.08.2016 01:06

Росіцкая жнівеньская ноч, якая збірае пілігрымаў, што дабіраліся на паўночную ўскраіну Беларусі пешшу альбо даехалі на аўтобусах і ўласных аўто, у гэтым годзе выпала з 5 на 6 жніўня.

Гэтае месца пілігрымавання — месца трагедыі — знішчэння мірных жыхароў разам з айцамі марыянамі Юрыем Кашырам і Антоніем Ляшчэвічам.

«Колькі такіх месцаў у Беларусі? На жаль, іх нямала», — прыходзіць думка, і да канца не ўяўляецца, што прыйшлося перажыць тым ахвярам чалавечай жорсткасці і граху.

Росіца — гэта месца болю, месца моцы, адвагі, вернасці Богу, чалавеку, народу і свайму пакліканню. Што значыць «месца болю», зразумець яшчэ вельмі цяжка, а што значыць «месца моцы, адвагі і вернасці», «месца трываласці і мужнасці» — хочацца зразумець і адчуць вельмі дакладна, каб з такімі ж якасцямі старацца ісці ў сваім жыцці.

Асабіста я прыязджаю, а раней прыходзіла разам з пілігрымамі, у Росіцу, каб вучыцца быць ахвярнай, каб вучыцца быць адданай і мужнай. Росіца — гэта адзін з найлепшых падручнікаў жыцця, які можна параіць прапрацаваць кожнаму беларусу, каб магчы ісці далей, каб пачаць развівацца і ўздыхнуць на поўныя грудзі.

Гэта месца, дзе спадае ўсё, што кволае і неістотнае, а застаецца самае важнае, і яно Божае, яно вынікае з Божай волі.

Менавіта тут, у Росіцы, месцы, якое так моцна адчула, што такое смерць і адначасова моцнае прагненне жыцця, хочацца стаць у праўдзе перад самім сабой і Богам.

І ў гэтым месцы, заканчваючы малітву, я заўсёды паўтараю словы: «Так хочацца зрабіць усё, на што толькі хопіць сілаў», — але дадаючы: ۫«Et fiat voluntas tua» — «Будзь воля Твая».

«Гэта месца, дзе адчуваецца моц чалавечай адвагі», — кажа а. Чэслаў Курэчка MIC, клапатлівы гаспадар Росіцы. І ніхто з гэтымі словамі не паспрачаецца, бо ўжо адчулі сведчанне гэтай зямлі, адчулі ў сваім жыцці, у гісторыі свайго шляху, сваіх паразаў і перамог.

«Сапраўды святое месца», — так называе росіцкую зямлю біскуп Віцебскі Алег Буткевіч у гаміліі падчас начной Імшы.

«І забітыя айцы марыяне — гэта сыны адвагі, узор для пераймання, — дадае пастыр. — І гэта тут, на гэтай падлозе, стаялі людзі, якія загінулі, а зараз стаім мы, каб умацаваць той дар веры, які атрымалі ад сваіх продкаў».

Біскуп Алег Буткевіч узгадаў у гаміліі таксама пра Сусветныя дні моладзі, якія зусім нядаўна праходзілі ў суседняй Польшчы: «Гэта былі цудоўныя хвіліны, каб усвядоміць і ўбачыць, як людзей розных народаў і культур аб’ядноўвае дар Езуса Хрыста».

Іерарх дадаў, што «сучасны свет мае магчымасць вярнуцца да еднасці, і, як кажа Папа Францішак, праз пабудову мастоў, а не муроў», і прабыванне вернікаў у Росіцы, іх пілігрымка, высілак, іх пакаянне — гэта і ёсць пабудова мастоў.

Па словах біскупа, асабліва дзякуючы сакрамэнту пакаяння адбываецца адбудова моста, які ўжо руйнуе грэх, ствараючы мур, а трагедыя Росіцы адбылася таму, што тут таксама быў пабудаваны мур, які не дазваляў людзям бачыць адзін аднаго і які не ўдалося прабіць.

Біскуп падкрэсліў, што сёння «мы павінны будаваць той мост, які злучыць нас з Езусам Хрыстом і з іншым чалавекам», і «сродкам умацавання гэтага моста з’яўляецца міласэрнасць».

Асабліва над гэтымі словамі, над усім, што адбылося тут, што адбылося і адбываецца ў нашым народзе, думаеш тады, калі ідзеш на пляц мучаніцтва — на месца, якое адначасова амыта крывёй і слязьмі, смуткам і болем, але разам з тым месца, дзе зараз можа гартавацца наша моц і наша імкненне жыць напоўню, пражываць сваё жыццё і жыццё тых, каго прымусілі сысці раней…

«Гэта месца, дзе не павінна нараджацца помста, але толькі імкненне жыць удвая мацней: за сябе і за тых, каму гэта зрабіць не дазволілі»,  — можа, і не адной мне падумалася на тым пакутным пляцы.

Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў