Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Падзякай за дар кананізацыі Станіслава Папчынскага завяршыліся ўрачыстасці ў Росіцы
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
08.08.2016 13:20

Урачыстай святой Імшой, падчас якой айцы марыяне дзякавалі за дар кананізацыі заснавальніка сваёй Кангрэгацыі — святога Станіслава Папчынскага — завяршыліся 6 жніўня сёлетнія ўрачыстасці ў Росіцы.

Перад Імшой айцец Міхаіл Цвячкоўскі МІС правёў канферэнцыю, падчас якой наблізіў слухачам постаць святога Станіслава Папчынскага. Сярод іншага святар узгадаў, што ў сувязі з нядаўняй кананізацыяй гэтага святога журналісты і вернікі часта задаюць пытанне, чаму паміж яго смерцю і кананізацыяй існуе такі вялікі часовы адрэзак, і адказаў на гэта так:

«Пэўна, таму, што гэта было патрэбна менавіта зараз, калі так масава парушаюцца правы чалавека, калі так не шануецца чалавечае жыццё, бо святы быў вялікім заступнікам тых, хто апынуўся на раздарожжы грамадства — абаронцам чалавечага жыцця і годнасці».

Напрыканцы канферэнцыі айцец Міхаіл заахвоціў вернікаў маліцца праз заступніцтва святога ў вырашэнні сваіх жыццёвых праблем, распачаўшы разам з прысутнымі навэнну да святога Станіслава Папчынскага.

Гамілію падчас Імшы прамовіў айцец Тадэвуш Бычкоўскі МІС – дэлегат айца правінцыяла Польскай правінцыі марыянаў. Звяртаючыся да зместу літургічнага чытання з Кнігі Прарока Ераміі і ўзгадаўшы момант паклікання прарока Ераміі, калі той лічыць сябе нягодным да такой адказнай місіі, святар падкрэсліў: «Тут Бог асабіста становіцца каля чалавека, каб падрыхтаваць яго да цяжкай місіі абвяшчэння Божага слова».

Працягваючы гэтае разважанне, айцец дэлегат дадаў: «Трэба шчыра сабе сказаць — мы з’яўляемся толькі пустым посудам, але Езус шукае такі пусты посуд, каб не толькі напоўніць яго да краёў, але і каб з яго пералівалася і такім чынам палівала зямлю і іншых любоўю і дабрынёю». 


«Калі мы ўглядаемся ў вобраз паклікання Ераміі і ўслухоўваемся ў словы Езуса, усведамляючы сваю слабасць і грэшнасць, можам сумнявацца, ці здолеем справіцца са сваім пакліканнем, ці вытрываем у любові Езуса Хрыста, — сказаў святар. — Калі мы ўсведамляем сваю слабасць і грэшнасць — гэта добры знак, мы ведаем сваё месца, не ўзносімся. Але нашыя нявернасць і баязлівасць не могуць быць нагодай, каб забраць у самога сябе надзею, не могуць быць прычынай страты ахвоты».


Айцец дэлегат адзначыў, што «святая Маці Касцёл сёння як прыклад дае нам святога Станіслава Папчынскага і ягоных духоўных сыноў – росіцкіх мучанікаў, благаслаўлёных Юрыя і Антонія». «Іх вялікасць палягла на тым, што яны былі пакорнымі, ведалі сваё месца, ведалі, што яны толькі пусты посуд, але дазволілі Езусу напоўніць іх да краёў, а нават так, каб пералівалася з таго посуду і напоўніла іншых любоўю і дабрынёй. Святы Станіслаў, як і прарок Ерамія, усведамляў сваю абмежаванасць. Будучы юнаком, ён адчуваў, што яго лічаць, далікатна кажучы, малаздольным, але дзякуючы даверу да Бога, дзякуючы цярплівай малітве і трывалай працы, ён стаў выбітным прапаведнікам, спаведніком і аўтарам шэрагу кніг. У сваіх лістах, у прапаведаванні ён заахвочваў давярацца Богу і заклікаў у любой праблеме звяртацца да Езуса», — дадаў айцец Тадэвуш Бычкоўскі.

Нагадваючы, што праз заступніцтва святога Станіслава Папчынскага адбылося некалькі дзясяткаў цудаў, святар падкрэсліў, што для кананізацыі Святым Айцом былі прыняты і заўважаны два наступныя — аздараўленне маладой дзяўчыны, якая рыхтавалася да прыняцця сакрамэнту сужэнства, а яшчэ раней – уваскрашэнне дзіцяці ва ўлонні маці. Айцец дэлегат нагадаў, што «гэтыя цуды адбыліся ў адной і той жа парафіі – у парафіі, дзе без перапынку адбываецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту», і задаў пытанне: «Ці гэта да нас не прамаўляе?»

«Цуды адбываюцца там, дзе ёсць трыванне перад Езусам, перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Гэтыя цуды з’яўляюцца выразным знакам для сучасных часоў — часоў, дзе хістаецца святасць сужэнства, дзе разбіваюцца адносіны ў сям’і, дзе ўсё менш пашаны для жыцця чалавека ўжо ва ўлонні маці», — заўважыў а. Тадэвуш Бычкоўскі.

Пры гэтым святар нагадаў аб нядаўніх словах Папы Францішка, што «кожны чалавек нясе ў сабе вобраз Езуса Хрыста».


«Цуды, якія адбыліся праз заступніцтва святога Станіслава Папчынскага, з’яўляюцца выразным пасланнем пра годнасць чалавечага жыцця ад зачацця і да натуральнай смерці», — падкрэсліў айцец Тадэвуш.

Напрыканцы гаміліі святар, нагадваючы, што «гэтае месца, дзе мы знаходзімся, з’яўляецца асаблівым месцам — яго падлога асвечана цярпеннем», заклікаў, каб тыя людзі, якія выходзілі адсюль на пакутніцкую смерць, «былі для нас падтрымкай у зямным пілігрымаванні, выразам нашай гатоўнасці занесці добрую навіну у свет,  перадусім, каб даваць сведчанне жыцця, жыцця Добрай Навінай», і папрасіў, «каб праз заступніцтва святога Станіслава Папчынскага і мучанікаў з Росіцы мы мелі моц несці нашае пакліканне».

Пасля Імшы адбылося ўшанаванне рэліквій святога Станіслава Папчынскага.


Айцы марыяне падрыхтавалі для вернікаў, якія былі сёлета на ўрачыстасці, адмысловы падарунак, вельмі дарагі для тых, для каго Росіца — не толькі назва маленькай вёскі. Пры выхадзе з касцёла кожны вернік атрымаў з рук айца Чэслава Курэчкі МІС абраз з выявай росіцкіх мучанікаў Юрыя і Антонія.


Кацярына Лаўрыненка, фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў