Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каталіцкая пісьменніца Ірына Жарнасек пра сацыяльных сірот у Друі: «Мне гэта баліць»
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
13.09.2016 11:17

Друйскі дзіцячы дом для сацыяльных сірот наведала рэдактар каталіцкага дзіцячага часопіса «Маленькі рыцар Беззаганнай» Ірына Жарнасек. Пісьменніца вырашыла сустрэцца з жыхарамі прытулка на пачатку новага навучальнага года, 6 верасня, і прывезці літаратуру, каб папоўніць мясцовую бібліятэку.

Большасць кніг была ахвяравана беларускім каталіцкім выдавецтвам «Про Хрысто», частку ж пісьменніца прывезла з уласнай бібліятэкі. Сярод выданняў не толькі хрысціянская літаратура, але таксама мастацкая, кнігі па псіхалогі і на сямейную тэматыку.

У дзіцячы дом пісьменніца прыехала з сёстрамі-эўхарысткамі, якія служаць пры друйскай парафіі і ўжо сёмы год супрацоўнічаюць з гэтай установай.

Рэдактар «Маленькага рыцара» ўжо даўно ведала пра гэты дом і з жыхарамі яго нераз сустракалася, хоць наведалася ў яго ўпершыню.


Ірына Жарнасек пра сваё знаёмства з дзіцячым домам у Друі

Распачалося яно даўно. Праз размовы з сёстрамі-эўхарысткамі. Праз размовы з выхавацельніцай дзіцячага дома, якая з’яўляецца каталічкай і ўносіць сваю хрысціянскасць у працу і свае погляды. Праз бачанне дзяцей-сірот у касцёле. Праз прыватныя хвілёвыя сустрэчы з імі.

Адна з гэтых сустрэч найбольш закаранілася ў памяці пісьменніцы. «Тады ў Друі яшчэ працавала с. Ірэна Cапун SJE. Я малілася ў пустым касцёле, і да мяне падышла с. Ірэна з дзяўчынкай. Звалі яе Маргарыта. Аказалася, што ў прытулку яна была разам са сваім братам Сашам. Мы пазнаёміліся, паразмаўлялі. Размова была простая, а вось пытанні незвычайнымі. Дзяўчынку цікавіла дзе я жыву, ці ёсць у мяне муж, дзеці, ці жывем мы разам. Яе аднагодка са звычайнай сям’і такіх пытанняў не задавала б. А для яе гэта было цікава, бо яна гэтага не мае», — са смуткам адзначае пісьменніца.

«Дзіцячы дом — гэта дзеці, напоўненыя недаверам да людзей. І гэта зразумела. І цешыць тое, што знаходзяцца людзі, якія разумеюць корань праблемы. Цяпер с. Наталля Арлянковіч SJE з’яўляецца тым рухавіком. Трэба бачыць і чуць, як яна любіць гэтых дзяцей. Яна жыве іх клопатамі і цяжарамі. Ведае іх па імёнах. Яна разумее, чаму ў іх ёсць агрэсіўнасць, чаму ім цяжка быць разам са звычайнымі дзецьмі... Галоўнае, што яна мудра да гэтага падыходзіць. З любоўю глядзіць на кожнага.

Сястра Наталля вучыць іх удзячнасці праз простыя і дасяжныя для іх рэчы. Так, напрыклад, усе, хто нейкім чынам прычыняецца да ўтрымання і ўвогуле існавання гэтай установы, атрымліваюць ад дзетак віншаванні», — дадае пані Ірына, якая таксама мае шчасце атрымліваць такія віншаванні. Сёстры-эўхарысткі стараюцца вучыць дзяцей спагадзе да людзей у цяжкім становішчы. Так, дзеці робяць сваімі рукамі паштоўкі для вязняў і дасылаюць ім на святы.


«Мне гэта баліць»: тэма параненага дзяцінства ў творчасці пісьменніцы

«Тэма сіроцтва, тэма параненага дзяцінства праходзіць праз усю маю творчасць. Я не ведаю, чаму Бог паклаў мне гэта на сэрца, але яна прысутнічае. Мне гэта баліць», — кажа Ірына Жарнасек і прыгадвае сваю даўнюю працу ў гарадской газеце, дзе гэтая тэма таксама заўсёды была.

Галоўнае тое, як сцвярджае пісьменніца, што журналісцкая праца з тэмай сіроцтва потым можа знаходзіць свой водгук. «Аднойчы праз мае матэрыялы адна сям’я з Мінска вышуквала кантакты з сёстрамі-эўхарысткамі з думкамі пра тое, каб усынавіць кагосьці з друйскага дзіцячага дома... І вось такі водгук на тваю працу — найлепшая падзяка».

Валянціна Грамыка
Фота с. Наталлі Арлянковіч SJE

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў