Новы выпуск праграмы «Падарожжа дылетанта» прысвечаны Росіцы |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
07.10.2016 17:01 |
У Верхнядзвінскім раёне, што на Віцебшчыне, знаходзіцца вёска Росіца, якую мясцовыя жыхары і людзі з наваколля называюць Расіцай. Вядучы праграмы «Падарожжа дылетанта» Юрый Жыгамонт у выпуску, прысвечаным гэтай вёсцы, распавядае яе гісторыю, якая пазначана вялікай трагедыяй, што адбылася ў часы Другой сусветнай вайны. Гэтая «страшная падзея», як яе назваў вядучы праграмы, адбылася ў мясцовым касцёле, дзе карнікі марознай зімою 1943 года некалькі дзён трымалі мясцовых жыхароў. Разам з людзьмі ў святыні знаходзіліся два святары — сёння благаслаўленыя росіцкія мучанікі Юрый Кашыра і Антоні Ляшчэвіч, — якія падтрымлівалі людзей Божым словам і спавядалі іх. Юрый Жыгамонт прыводзіць таксама цікавыя факты пра тое, што ў пачатку ХХ ст. парафія ў Росіцы была самай шматлікай на Віцебшчыне — у ёй налічвалася каля 8 тысяч парафіянаў. Цікавы таксама факт, хоць і звязаны з невясёлай падзеяй, што разбурыць касцёл бальшавікам не ўдалося — вежы знеслі, а будынак быў настолькі моцны, што «сіл не хапіла». Цікава і тое, што так якасна пабудавалі касцёл самі мясцовыя людзі пад кіраўніцтвам уладара Росіцы Станіслава Лапацінскага. |