Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арган як канцэртны інструмент: фестываль арганнай музыкі прайшоў на Пастаўшчыне
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
12.12.2016 12:08

«Правядзенне фестывалю арганнай музыкі на Пастаўшчыне стала яшчэ адной добрай традыцыяй», — адзначыў падчас закрыцця IV музычнага фестывалю «Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны» яго аўтар Тадэвуш Стружэцкі.

Фестываль праходзіў 10 і 11 снежня і быў арганізаваны Пастаўскім дэканатам Віцебскай дыяцэзіі сумесна з мясцовым райвыканкамам і Беларускім фондам культуры. За час яго правядзення ў канцэртах на Пастаўшчыне прынялі ўдзел практычна ўсе вядомыя беларускія арганісты.

Сёлета канцэрты адбыліся ў двух касцёлах — у Паставах і Камаях. Удзельнікам фестывалю другі год запар быў і Віктар Кісцень, журналіст канала «Культура» Беларускага радыё і арганіст касцёла Найсвяцейшай Тройцы і св. Роха ў Мінску (Залатая Горка).

Летась ён выступаў з праграмай камернай музыкі. Гэтым разам арганіст разам з Тамарай Рэмез, салісткай Белдзяржфілармоніі, прадставілі музычна-літаратурную кампазіцыю «Ave Maria», у час якой гучалі духоўныя вершы ў выкананні дыктара замежнай рэдакцыі “Радыё Беларусь” Маргарыты Зазарыя  і музычныя творы, прысвечаныя Найсвяцейшай Панне Марыі.

«Кожны арган унікальны. Таму адна і тая ж праграма будзе гучаць у кожным касцёле па-іншаму», — адзначыў музыка.

Адметнасць кожнага аргана адзначыў і вядомы выканаўца Канстанцін Шараў, саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Маэстра, які гэтым разам прадставіў канцэртныя праграмы ў двух касцёлах — у Камаях і Паставах, — дадаў, што «арганы, як людзі, — кожны па-свойму адметны». У нашай размове маэстра закрануў актуальную тэму — пытанне лячэння арганаў у касцёлах (гэта значыць прафесійнага дагляду за імі).

Мясцовыя жыхары добра ведаюць пра гэты фестываль, таму і ахвотна наведваюць канцэрты. Прычым гэта не толькі вернікі, якія, дарэчы, масава заставаліся на канцэрты пасля святых Імшаў. Дзверы касцёлаў былі адчыненыя для ўсіх, а канцэрты былі бясплатнымі.

Людміла Пліс, мясцовая жыхарка, адмыслова прыйшла паслухаць канцэрт на аргане ў пастаўскім касцёле. Жанчына адзначыла высокі ўзровень выканання музыкаў, эмацыйна адзначыўшы, што яна «проста ў захапленні». Людміла паведаміла, што любіць слухаць арган і часта бывае ў Мінску на канцэртах арганнай музыкі.

Жанчына адзначыла, што фестываль у Паставах — добрая нагода, каб паслухаць у прафесійным выкананні канцэрт арганнай музыкі на месцы. 

Тадэвуш Стружэцкі, арганізатар і аўтар праекта, у каментарыі для Catholic.by распавёў пра перспектывы фестывалю, адзначыўшы, што месца для правядзення канцэрта арганнай музыкі абрана невыпадкова — з Пастаўшчыны паходзіць ён сам.
   
«Як прафесійны музыкант, я бачыў добрыя ўмовы для правядзення фестывалю падобнага фармату. У касцёлах Пастаўскага дэканату ёсць чатыры арганы ў працоўным стане, чым можа пахваліцца не кожная мясцовасць. На працягу 25 гадоў у Паставах праводзіцца фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік”,  і падчас яго правядзення склалася традыцыя правядзення шэрагу канцэртаў у касцёле, у тым ліку канцэртаў арганнай музыкі.

У выніку некалькі гадоў таму ўзнікла ідэя правядзення фестывалю менавіта арганнай музыкі, бо тут была і падрыхтаваная аўдыторыя, і зацікаўленасць мясцовага духавенства», — заўважыў Стружэцкі.

«Арган можа і павінен выкарыстоўвацца і як канцэртны інструмент», — дадаў Тадэвуш Стружэцкі, адзначыўшы, што ў планах — пашырэнне геаграфіі фестывалю.

Зацікаўленасць правядзеннем мерапрыемстваў фестывалю выказаў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч, а таксама парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім.


Кацярына Лаўрыненка, фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў