У Наваполацку прайшла аплаткавая сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
16.12.2016 12:37 |
15 снежня духавенства і кансэкраваныя асобы Віцебскай дыяцэзіі сабраліся ў Наваполацку ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста, каб сустрэцца са сваім біскупам Алегам Буткевічам і скласці пажаданні з надыходзячым святам Нараджэння Пана.
Сустрэча распачалася малітвай у цішыні перад Езусам Эўхарыстычным. У гэты час кожны мог прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі. Ва ўступным слове іерарх прывітаў прысутных святароў, законных сясцёр і братоў, а таксама духавенства Грэка-Каталіцкай Царквы.
У гаміліі канцлер Віцебскай курыі кс. Віктар Місевіч засяродзіўся на асобе святога Яна Хрысціцеля. «Езус хоча бачыць у нас прарокаў, такіх, якім быў святы Ян Хрысціцель», — адзначыў кс. Місевіч і заклікаў прысутных задумацца, у чым можна быць падобным да гэтага святога. Як падкрэсліў святар, наследаваць св. Яна Хрысціцеля варта ў «адукаваным голасе» прапаведвання, у шанаванні годнасці кожнага чалавека, а таксама ў крочанні шляхамі Пана, якія выразна накрэслівае Святое Пісанне. Канцлер заклікаў быць цвёрдымі і адданымі праўдзе, чым адзначаўся св. Ян Хрысціцель.
Біскуп Алег Буткевіч у сваю чаргу заклікаў прысутных быць для іншых «прыкладам цеснай сувязі з Богам, які прыходзіць у гэты Сусвет, які нараджаецца і шукае нашага з вамі сэрца, сэрца, прысвечанага выключнай сувязі з Богам». «Хачу пажадаць, каб гэты час вы маглі перажыць па-хрысціянску годна, каб ён быў глыбокім перажываннем таямніцы Бога, які нас збавіў», — дадаў іерарх. Пасля малітвы святары і кансэкраваныя асобы падзяліліся аплаткай і склалі ўзаемныя віншаванні з нагоды надыходзячых радасных святаў.
Паводле catholicnews.by |
Фотарэпартаж |