У Віцебскай дыяцэзіі будзе рэалізаваны праект «Віцебскі арганны шлях» |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
25.04.2017 12:49 |
Музычна-асветніцкі праект «Віцебскі арганны шлях» распачне сваю працу ў Віцебскай дыяцэзіі. Пра асаблівасці праекту стала вядома 23 красавіка на адмысловай прэс-канферэнцыі. Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч адзначыў, што арганная музыка заўсёды з’яўлялася неад’емнай часткай літургіі у Касцёле, таму мэта праекта — ва ўзнаўленні спадчыны, «якая ўзнікала і развівалася на нашай зямлі». Іерарх падкрэсліў, што рэалізацыя гэтага праекта стане важнай падзеяй не толькі у жыцці Касцёла, але і грамадства Віцебшчыны. Пра гэта распавёў заснавальнік і мастацкі кіраўнік калектыва «Беларуская Капэла» Нацыянальнага Акадэмічнага Беларускага Тэатра оперы і балета Беларусі Віктар Скарабагатаў, які шмат гадоў займаецца адраджэннем музычнай спадчыны Беларусі. Маэстра ўзгадаў постаць Станіслава Манюшкі, які на працягу 18 гадоў працаваў у касцёле св. Яна ў Вільні, дзе іграў на аргане, прывезеным з Полацка. З публікацыі яго арганных твораў і пачнецца стварэнне серыі нотных выданняў беларускіх кампазітараў. Як адзначыў старшыня аб’яднання Віцебскага музычнага таварыства Уладзімір Правілаў, сёння арганы ёсць амаль у 20 касцёлах Віцебскай дыяцэзіі. На аснове сабраных звестак плануецца распрацоўка новых турыстычна-музычных маршрутаў, падчас якіх знаёмства са славутымі мясцінамі Віцебскай дыяцэзіі спалучалася б з канцэртамі як прафесійных выканаўцаў, так і аматарскіх калектываў. Канцэрты плануецца сумяшчаць з асветніцкімі лекцыямі па гісторыі музычнай культуры Віцебшчыны і гісторыі арганнага мастацтва Беларусі. Па матэрыялах канцэртаў плануецца выданне аўдыё- і відэазапісаў. Што яшчэ? Чакаецца, што да канца года канцэрты адбудуцца ў Дзеркаўшчыне, Удзеле, Глыбокім, Параф’янаве, Друі і Росіцы. У снежні эстафету возьме Пастаўскі дэканат, дзе некалькіх гадоў ужо праходзіць фестываль «Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны».
|