Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Росіцы прайшла сустрэча сем’яў
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
04.05.2017 08:54

1 мая ў Росіцы, маленькай вёсачцы на ўскрайку Беларусі, дзе знаходзіцца санктуарый благаслаўлёных пакутнікаў кс. Юрыя Кашыры і кс. Антонія Ляшчэвіча, сабраліся шматлікія вернікі, каб разам са сваімі душпастырамі памаліцца за сем’і.

Звычайна ў гэты час Росіца квітнее — вакол касцёла расцвітае мноства чырвоных цюльпанаў,  але ўпершыню ў вясновы майскі дзень Росіца сустрэла пілігрымаў не рознакаляровым суквеццем, а холадам і снегам. Аднак гэтыя капрызы прыроды былі цалкам кампенсаваны цёплым прыемам. З усмешкай і шчырымі словамі вітання пілігрымаў сустракаў кусташ росіцкага санктуарыя айцец Чэслаў Курэчка МІС.

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў святую Імшу, у сваёй прывітальнай прамове заклікаў прысутных «імкнуцца сагрэцца тут духоўна», адзначыўшы, што пілігрымы сабраліся тут, каб «зачарпнуць духоўную цеплыню, якая паходзіць ад Езуса, ад Уваскрослага».  

Разам з біскупам Алегам святую Імшу канцэлебравалі Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама святары з розных куткоў дыяцэзіі, сярод якіх прысутнічаў і адказны за душпастырства сем’яў Віцебскай дыяцэзіі айцец Віталь Сапега ОР.

Біскуп Віцебскі ў сваёй  гаміліі закрануў тэму працы і адказнасці чалавека. Кажучы пра Росіцу, іерарх адзначыў, што гэтае месца «асаблівым чынам нагадвае сям’ю»: сюды шматлікіх пілігрымаў прыцягвае не толькі само месца, — многія чакаюць і сустрэчы з тымі, з кім «разам перажываюць прыгожыя хвіліны як малітвы, так і працы на гэтай зямлі». Узгадваючы постаць святога Юзафа як прыклад працаўніка, біскуп Віцебскі нагадаў, як шмат мазольнай працы ўкладае ва ўпрыгожанне і ўдасканальванне Росіцы яе пробашч айцец Чэслаў Курэчка.  

Іерарх падкрэсліў, што Бог, ствараючы гэты свет, стварыў і чалавека, каб той яго ўдасканальваў, і такім чынам «мы ўдзельнічаем у справе стварэння, а гэта важная і вялікая місія, даручаная чалавеку Богам».  «Праца — гэта тое, што з’яўляецца нашым абавязкам», — падкрэсліў іерарх, адзначыўшы, што праца чалавека веруючага заўсёды будзе адрознівацца, «бо важнай рысай, да якой выхоўвае нас вера, з’яўляецца адказнасць, якая вынікае з таго, як мы ўспрымаем сябе, гэты свет і нашае месца ў  ім».

Нагадваючы, якім важным фактарам з’яўляецца адказнасць за выкананне сваіх абавязкаў і за сваё пакліканне, біскуп Алег узгадаў постаці благаслаўлёных росіцкіх пакутнікаў — святароў Юрыя і Антонія, якія аддалі сваё жыццё, бо «адчувалі адказнасць за даручаных ім людзей, якім яны абвяшчалі Божае слова, якіх рыхтавалі да вечнасці». Працягваючы тэму адказнасці, іерарх узгадаў аб гэтым абавязку ў сямейным жыцці.

Звярнуўся біскуп Віцебскі і да тэмы свабоды. Іерарх адзначыў, што апошнім часам з-за неўласцівага разумення сутнасці свабоды ў грамадстве скажаюцца звычайныя базавыя паняцці: «У імя гэтага чалавеку дазваляецца ўсё». Біскуп Алег нагадаў, што чалавек створаны як мужчына і жанчына, а сям’я — гэта саюз мужчыны і жанчыны, і не можа быць уяўлення пра чалавека як пра істоту, якая можа змяняць свой пол. «Гэтая справа належыць Богу, і нашая задача як людзей веруючых — захоўваць гэтыя паняцці нескажонымі, а гэта мы можам зрабіць, адчуваючы адказнасць за сябе, за свае жыццё, за выхаванне сваіх дзяцей», — дадаў іерарх.

Тэме сям’і быў прысвечаны і даклад, які пасля Імшы прамовіў біскуп Віцебскі. Іерарх нагадаў, што «сям’я тады будзе моцнай, калі ў гэтай сям’і будзе Бог». На заканчэнне прамовы іерарх удзяліў сем’ям бласлаўленне.

На сустрэчы выступіў таксама Уладзімір Шчэпін, кіраўнік Цэнтра дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў «Светач», што дзейнічае пры бягомльскай парафіі. Уладзімір Шчэпін адзначыў, што на сёння гэта адзіны такі цэнтр у Беларусі. Прадстаўляючы прынцыпы функцыянавання арганізацыі, Уладзімір падкрэсліў, што Цэнтр перадусім дае чалавеку магчымасць усвядоміць, што ён хварэе на алкагалізм. Уладзімір распавёў таксама пра сваё аздараўленне ад алкагалізму: 12 гадоў ён не ўжывае алкаголю, а падчас свайго змагання з гэтай хваробай прыйшоў да Бога. Склаў сведчанне і Дзмітрый, які зараз з’яўляецца насельнікам Цэнтра і ўжо правёў у ім некалькі месяцаў.      

Адмысловая праграма была падрыхтавана і для маленькіх росіцкіх пілігрымаў, якія сустрэліся з галоўным рэдактарам часопіса «Маленькі рыцар Беззаганай» каталіцкай пісьменніцай і журналісткай Ірынай Жарнасек. Ірына Францаўна распавяла дзецям пра часопіс, і чаму ён называецца менавіта такім чынам, прыгадаўшы постаць святога Максімільяна Кольбэ, заснавальніка Рыцарства Беззаганнай. Пісьменніца заахвоціла маленькіх чытачоў таксама станавіцца аўтарамі часопіса, а для гэтага трэба толькі даслаць свае фатаграфіі і аповеды. Падчас сустрэчы былі праведзены конкурсы, а за правільныя адказы дзеці атрымоўвалі падарункі.

Паколькі зімовае надвор’е ўнесла свае карэктывы, фірмовай грыбной поліўкай «ад айца Чэслава», якой ён наварыў аж пяць вялікіх каструль, усе частаваліся на плябаніі. Тыя ж, хто хацеў палюбавацца квітнеючымі росіцкімі цюльпанамі, таксама маглі гэта зрабіць — яны былі пры алтары ў касцёле. Гэтыя цюльпаны айцец Чэслаў, бачачы неспрыяльнае надвор’е, падрыхтаваў адмыслова, каб яны заквітнелі раней і такім чынам упрыгожылі сваім някідкім хараством росіцкі алтар. І гэта яшчэ раз нагадала, як шмат у стварэнні хараства і гармоніі ў свеце залежыць ад чалавека, але важна, каб у яго жыцці заўсёды быў Бог.       

Кацярына Лаўрыненка (VGr)
Фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў