Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальскі Нунцый у санктуарыі Маці Божай у Шуміліне: «Кожны з нас абраны для асаблівай місіі у сем’ях, Касцёле і грамадстве» (+фотарэпартаж) |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
13.05.2017 21:26 |
![]() Цэнтральным момантам святкавання 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў у
санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне стала Эўхарыстыя, якую
ўзначаліў Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр. З наведвання
Шуміліна іерарх распачаў свой трохдзённы візіт у Віцебскую дыяцэзію. Пры ўваходзе у санктуарый нунцыя сустракаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч разам са святарамі дыяцэзіі, а таксама шматлікія вернікі. Кранальным момантам прывітання высокага госця сталі непасрэдныя словы маленькіх парафіянаў. У сваёй прывітальнай прамове на пачатку святой Імшы, кажучы пра фацімскія аб’яўленні, біскуп Алег Буткевіч адзначыў, што культ Маці Божай Фацімскай найбольш пачаў пашырацца ў час пантыфікату святога Папы Яна Паўла II, які дэвізам свайго пантыфікату абраў словы Totus tuus (Увесь твой) і які дзякуючы заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі быў уратаваны падчас замаху на яго жыццё 13 мая 1981 г. ![]() Пры гэтым біскуп Віцебскі прыгадаў, што пры адраджэнні касцёльных структураў на Усходзе на мяжы 1990-ых і 2000-ых адна з першых парафій новастворанай Віцебскай дыяцэзіі была прысвечана апецы Маці Божай Фацімскай ў Шуміліне. Віцебскі ардынарый узгадаў, як 13 мая 2000 г. у Шуміліне адбыўся фэст, падчас святкавання якога вернікам спадарожнічала фігура Маці Божай Фацімскай. Дарэчы, 17 гадоў таму біскуп Алег Буткевіч атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Фігуру ж маці Божай Фацімскай ён разам з іншымі новапраэзбітэрамі ўносіў тады на свяіх плячах на стадыён, дзе праходзіла святкаванне. Вітаючы Апостальскага Нунцыя, біскуп Віцебскі падкрэсліў, што прысутнасць іерарха тут — «гэта знак асаблівай лучнасці з Паўсюдным Касцёлам». Апостальскі Нунцый, звяртаючыся да вернікаў, пажадаў ім, каб «фацімскае пасланне магло рэалізоўвацца ў вашым жыцці». ![]() Моладзь як пакаленне Марыі «Пакаленнем Марыі» назваў у сваёй гаміліі прысутную на ўрачыстасці моладзь Апостальскі Нунцый, узгадваючы аб пачатках фацімскай парафіі. Ён нагадаў, што фігура Маці Божай Фацімскай была падаравана парафіі кардыналам Казімірам Свёнтэкам і была прывезена з Фацімы. Узгадваючы аб’яўленне Панны Марыі пастушкам і нагадваючы аб паводзінах самой Марыі падчас Звеставання, іерарх адзначыў, што «Пан Бог выбірае для цудоўных рэчаў, якія хоча рэалізаваць у гісторыі, простых людзей, бедных і сціплых, але багатых на веру і любоў». ![]() Ён адзначыў, што ўсе мы, як і Найсвяцейшая Панна Марыя, «абраны Панам для выкананя асаблівай місіі у нашых сем’ях, у нашых супольнасцях, у Касцёле і грамадстве» «Бог не шукае тых, хто лічыць, што мае вялікія здольнасці, шмат грошай, знаёмствы, але шукае тых, хто нікім не лічыцца ў вачах свету, але каго Пан Бог любіць асаблівым чынам. Менавіта у гэтым знаходзіцца таямніца Божай любові». Нунцый таксама адзначыў, што якраз у гэты час у Фаціме папа Францішак далучае да ліку святых Францішка і Жасінту, фацімскіх пастушкоў, якія аднойчы «паверылі Божай Маці». Напрыканцы гаміліі іерарх заклікаў «давераць Марыі — Маці Божай і нашай Маці нашыя надзеі на будучыню, якія мы носім у сэрцы ». «Няхай яна дапамагае нам быць мужнымі сведкамі даверу і надзеі, якая ніколі не пакідае тых, хто верыць у Хрыста, яе Сына», — сказаў арцыбіскуп Габар Пінтэр. ![]() Напрыканцы Імшы Апостальскі Нунцый удзяліў прысутным апостальскае благаслаўленне ад імя папы Францішка. Пасля Імшы адбылася ружанцовая працэсія вакол касцёла. У сваім развітальным слове Апостальскі Нунцый падзяліўся, што ўдзельнічаць у гэтых урачыстасцях у такі важны дзень – у 100-годдзе фацімскіх аб’яўленняў – вельмі важна. Паводле яго слоў, менавіта 13 мая Папа прызначыў яго Апостальскім Нунцыем у Беларусь. Арцыбіскуп адзначыў, што ён працаваў у многіх краінах свету, але менавіта тут, у Шуміліне, упершыню ўдзельнічаў менавіта ў ружанцовай працэсіі. «Таксама і арцыбіскуп можа вучыцца ад вас», — адзначыў ён. У той жа дзень у Шуміліне прайшла сустрэча іерарха са святарамі Віцебскай дыяцэзіі. Пасля афіцыйнай часткі адбылася забаўляльная праграма, падчас якой дзеці Шумілінскай парафіі паказалі сцэнку аб фацімскіх аб’яўленнях. ![]() ![]() Кацярына Лаўрыненка, фота аўтара і Анастасіі Ярыгі |
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.