Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Начная святая Імша з удзелам іерархаў з Беларусі і замежжа |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
22.08.2009 05:46 |
У 24.00 у межах часу польскай культуры ў браслаўскім санктуарыі распачалася святая Імша на польскай мове, якую цэлебраваў арцыбіскуп Гнезненскі Генрых Мушынскі (Польша). У Літургіі таксама прымалі ўдзел іерархі з Украіны, Польшчы, Казахстана, Латвіі, Літвы, Германіі і Беларусі, шматлікія святары, законнікі і законніцы, мясцовыя вернікі і госці з іншых мясцін, якія прыехалі або прыйшлі ў пешых пілігрымках у Браслаў. У гаміліі біскуп Генрых Мушынскі адзначыў, што ў гэтыя дні браслаўская святыня перапоўнена па трох прычынах: ушанаванне Маці Божай Каралевы, святкаванне 10-годдзя існавання Віцебскай дыяцэзіі, а таксама каранацыя абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў папскімі каронамі. «Ускладаем залатыя кароны на галаву Маці Божай не толькі як выраз нашай удзячнасці і любові, але таксама дзеля таго, каб вучыцца ў Марыі валадаранню праз працу і служэнне. Шлях Марыі з’яўляецца нашым шляхам, шляхам штодзённай працы, ахвяры і служэння, ажыўленага любоўю. Таму сёння мы сабраліся тут, каб вучыцца ў Марыі, перш за ўсё, глыбокай гераічнай веры, — сказаў біскуп Мушынскі. — Ушаноўваць Марыю — значыць быць верным, у першую чаргу, тым абавязкам, якія атрымалі ў сваім жыцці; гэта значыць верыць нават насуперак чалавечай надзеі». Падчас святой Імшы кожны жадаючы меў магчымасць скарыстаць з сакрамэнту пакаяння і паяднання. Пасля літургіі паводле праграмы набажэнстваў з нагоды каранацыі абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў адбудзецца працэсія са свечкамі з адначасовай малітвай на Святым Ружанцы — разважаннем таямніцаў святла. Алена Рулевіч
Фота кс. А. Амяльчэні |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.