7 сакавіка ў Апостальскай Сталіцы прайшла пятая агульная кангрэгацыя. На сённяшняй сустрэчы з журналістамі кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі паведаміў, што дата пачатку канклаву яшчэ не вызначана.
У сённяшнім пасяджэнні ўдзельнічалі амаль усе кардыналы-выбаршчыкі акрамя в’етнамскага кардынала Пан Мінь Мана, якога чакаюць сёння.
Таксама, як інфармуе Ватыканскае радыё, на новы трохдзённы тэрмін былі абраны тры новыя памочнікі камерленга — Дзяржаўнага сакратара кардынала Тарчызіо Бэртонэ, якімі сталі мараніцкі Патрыярх Антыёхіі кардынал Бехара Раі, кардынал Ларэн Пасінья і кардынал Веласіа дэ Паоліс.
Ксёндз Ламбардзі паведаміў таксама, што сёння на кангрэгацыі кардынал Анджэла Садана, дэкан Калегіі кардыналаў, зачытаў тэкст спачувальнай тэлеграмы ад імя Калегіі з нагоды смерці Прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса. Гэтая тэлеграма скіравана ўраду Венесуэлы. Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы абверг чуткі, распаўюджаныя некаторымі СМІ, што канклаў пачнецца ў панядзелак, бо ў гэты дзень у Ватыкане адбудзецца святая Імша Pro eligendo Pontifice. Святар патлумачыў, што гэтая літургія не прывязана да пачатку канклаву. Сёння на пасяджэнні выступілі 16 кардыналаў. У прыватнасці, некаторыя з іх прадставілі эканамічную сітуацыю Ватыкана. (AG)
|