Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп з Нігерыі: «Мы супраць навязвання сексуальнай культуры»
Дзяржава Ватыкан
09.10.2014 19:57

Небяспека моцнага заходне-секулярнага ўплыву, які знішчае рэлігійныя і культурныя традыцыі афрыканскіх католікаў, назіраецца ў Афрыцы.

Пра гэта распавёў арцыбіскуп нігерыйскай дыяцэзіі Ёс, Ігнацыус Кайгама, які ў складзе сінадальных айцоў прымае ўдзел у Сінодзе Біскупаў у Ватыкане.

Як перадае словы іерарха нямецкая служба Ватыканскага радыё, гэта датычыць найперш прапаганды кантрацэптываў і папярэджвання цяжарнасці ў рэгёне.

Арцыбіскуп зазначае, што афрыканскія сем’і «часам азадачаныя» тым, з якой хуткасцю распаўсюджваецца заходняя сексуальная культура на іх кантыненце. «Той факт, што афрыканскія краіны стагоддзямі скідвалі з сябе каланіяльнае ярмо, павінен таксама ўлічвацца, бо «афрыканцы здольныя самі думаць, што для іх добра», — сказаў іерарх.

«Міжнародныя арганізацыі, якія хочуць дапамагчы нам фінансава, усё яшчэ просяць нас абмяжоўваць нараджальнасць. Але хто сказаў, што нас замнога? Праблема Афрыкі не ў дрэннай сексуальнай адукацыі, а ў высокай смяротнасці нашых дзяцей, што сведчыць пра дрэннае медыцынскае забеспячэнне.

Калі прыходзяць людзі з Захаду і з грашымі ў руцэ просяць «скарэктаваць» колькасць дзяцей, і хочуць падарыць нам кандомы, тады я мушу сказаць: нам не трэба гэтага. Нам патрэбны прадукты харчавання, адукацыя, добрыя дарогі і электрычнасць», — дадаў іерарх.


На тэму гомасексуальнасці арцыбіскуп Кайгама зазначыў, што Касцёл — таксама і ў Афрыцы — нікога не хоча дыскрымінаваць або выправаджваць. Гэта не азначае, аднак, што Касцёл хоча змяніць базавыя разуменні шлюбу: шлюб магчымы толькі паміж мужчынам і жанчынай. У Нігерыі сёлета быў прыняты закон, які забараняе гомасексуальныя дзеянні.

Закон падтрымалі і мясцовыя біскупы, якія адначасова выступілі з крытыкай уладаў у пытаннях дыскрымінацыі людзей з гомасексуальнымі схільнасцямі. Прыняты закон праваабарончыя арганізацыі сустрэлі як «зневажальны», адпаведна шмат крытыкі было выказана ў адрас біскупаў.
 
«Гэта прывяло да непаразуменняў, бо мы падтрымалі толькі той факт, што традыцыйная сям’я — гэта саюз мужчыны і жанчыны. Гэта адпавядае рэлігійным каштоўнасцям. Аднак бясспрэчна мы супраць таго, каб гомасексуалы пераследаваліся або адчувалі дыскрымінацыю», — заявіў арцыбіскуп.

Рэзюмуючы, іерарх дадаў наступнае: «Я перакананы, што тэма гомасексуальных саюзаў, гэтаксама, як і палігаміі, знойдзе сваё абмеркаванне на Сінодзе Біскупаў. Гэта, аднак, не азначае, што мы маглі б даць нейкі адказ на гэтыя пытанні. Мы маглі б даць толькі вызначэнні тых пазіцый, на якіх настойвае Касцёл. Цяжкія і неадназначныя пытанні могуць быць вырашаны з Божай дапамогай. І наша задача як прадстаўнікоў Касцёла —  зрабіць як найлепш, улічваючы волю Касцёла і супакой вернікаў».

(IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.