Адзіны ўдзельнік ІІІ Надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў з Беларусі,
віцэ-старшыня беларускага епіскапату Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у
эксклюзіўным інтэрв'ю Catholic.by распавёў пра атмасферу Сіноду і пра
тыя пытанні, якія выклікалі найбольшую заклапочанасць у біскупаў. Паводле слоў арцыбіскупа, у ліку іншых на Сінодзе была ўзнята праблема няякаснай падрыхтоўкі сем'яў да сакрамэнту шлюбу, а таксама пытанне неабходнасці спрасціць працэдуру скасавання шлюбу. — Ваша Эксцэленцыя, што абмяркоўвалася у другі дзень працы Сіноду?
— У аўторак на Сінодзе прайшлі выступленні біскупаў, прысвечаныя пытанням душпастырства і евангелізацыі сям’і. Са словам выступіла сям’я аўдытараў з США, якія распавялі пра тое, што менавіта ў сям’і ім перадалі веру, выказаўшы шкадаванне, што сёння бацькі забываюць пра хрысціянскае выхаванне дзяцей.
— На што яшчэ звярталася ўвага?
— Вялікая занепакоенасць была выказана адносна паняцця «талерантнасць», якое сёння так актыўна ўплывае на людзей: думаць не так, як думае грамадства — значыць быць неталерантным.
Закраналася тэма і гомасексуальных саюзаў. Адзначалася, што гомасексуальны саюз — гэта дэградацыя чалавечай экалогіі: чалавек вучыцца жыць у сям’і, таму яна павінна адпавядаць Божаму плану.
Заклапочанасць няякаснай падрыхтоўкай да сакрамэнту шлюбу таксама знаходзіла сваё абмеркаванне. Зазначалася, што колькасць кананічных шлюбаў змяншаецца, у той час як усё больш сем’яў жывуць без касцёльнага благаслаўлення. Біскупы падтрымалі ідэю неабходнасці стварэння асобнага катэхізіса пра сям’ю. Таксама звярталася ўвага на тое, што святары павінны больш увагі ўдзяляць душпастырству сем’яў. Асобна абмяркоўваліся і сённяшнія працэсы скасавання шлюбу ў Касцёле. У
прыватнасці зазначалася, што касцёльныя суды павінны спрасціць такія
працэсы. — Якія праблемы сем'яў падымаліся падчас абмеркавання?
— Праблема сям’і — гэта праблема веры, неадукаванасць у пытаннях веры. Гэта самая галоўная праблема. Адзначалася, што сёння неабходна больш актыўная евангелізацыя сям’і. Сям’я павінна быць прыстанішчам чалавека, а санктуарыі — клінікамі духу, якія варта выкарыстоўваць ў душпастырстве сем’яў.
Таксама выказвалася занепакоенасць абароны жыцця ў сем’ях. Адзначалася, што Касцёл павінен паставіць «дыягназ» хваробе сям’і, бо часта выглядае так, што сям’я не ведае пра сваю хваробу. У нейкім сэнсе гэта нагадвае чалавека, які не ведае, на што ён хворы, і пакутуе ад гэтага.
Абмяркоўваліся пытанні міграцыі як адной з прычын разбурэння сем’яў. Выказвалася прапанова аб’явіць святога Юзафа апекуном сем’яў.
Яшчэ адзін аспект, на які звярталася ўвага, — гэта выкарыстанне сучасных тэхналогій. У прыватнасці, было абмеркавана, што для захавання сям’і выкарыстанне сучасных тэхналогій магло б пайсці на карысць — сужэнцы маглі б працаваць дома і такім чынам больш увагі ўдзяляць сям’і.
Падрыхтаваў І. Лапато фота Ватыканскага радыё
|