Бэнэдыкт XVI: на жыццё варта глядзець з перспектывы вечнасці |
Святы Айцец |
05.11.2009 16:46 |
У нашым жыцці нямала цяжкасцяў і праблем, цярпення і болю, часам здараюцца сітуацыі, якія не паддаюцца разуменню або апраўданню, аднак усё атрымлівае глыбокі сэнс, калі глядзець на гэта з перспектывы вечнасці, — адзначыў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас святой Імшы ў інтэнцыі памерлых біскупаў, арцыбіскупаў і кардыналаў, якія адышлі ў вечнасць за апошнія 12 месяцаў. Пантыфік цэлебраваў літургію 5 лістапада 2009 г. у базыліцы святога Пятра ў Ватыкане. Узгадваючы ўрачыстасць Усіх Святых і дзень успаміну ўсіх памерлых вернікаў, які адзначаецца адразу пасля гэтай урачыстасці, Папа адзначыў, што абодва дні, «калі перажываць іх у глыбокай атмасферы веры і малітвы, дапамагаюць лепш зразумець таямніцу Касцёла як цэласнасці, а таксама тое, што зямное жыццё павінна быць пілігрымкай да вечнасці». Менавіта чаканне вечнасці, па словах Святога Айца, напаўняе сэнсам зямное вандраванне чалавека. Узгадваючы памерлых іерархаў, у інтэнцыі якіх цэлебравалася святая Імша, Пантыфік падкрэсліў, што «смерць не парывае сувязі духоўнага братэрства, замацаванай праз сакрамэнты хросту і Эўхарыстыі». Нягледзячы на тое, што расставанне з блізкімі людзьмі з’яўляецца надзвычай балючым, а таямнічая з’ява смерці часта непакоіць чалавека, надзея на вечнае жыццё асвятляе шлях верніка. Маючы перад вачыма прыклад Езуса Хрыста, чалавек, па словах Бэнэдыкта XVI, можа зрабіць сваё жыццё з яго цяжкасцямі і нягодамі ахвярай, мілай Богу. |