З снежня 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю Прэзідэнту Расіі Дзмітрыю Мядзведзеву. У гэты ж дзень расійскі лідэр у межах свайго візіту ў Ватыкан сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці кардыналам Тарчызіо Бэртонэ.
Пасля размовы з кардыналам Бэртонэ Дзмітрый Мядзведзеў сустрэўся са Святым Айцом у бібліятэцы Папы. Затым Пантыфіку былі прадстаўлены члены расійскай дэлегацыі.
Падчас сустрэчы, як паведаміла інфармацыйнае агенцтва «Интерфакс», Прэзідэнт Расіі падарыў Папу лакавую шкатулку з выявай храма Хрыста Збаўцы, а таксама два тамы «Праваслаўнай энцыклапедыі». Святы Айцец ужо атрымліваў некалькі тамоў энцыклапедыі ў падарунак ад Уладзіміра Пуціна, які займаў раней пасаду Прэзідэнта, таму ў гэты дзень Бэнэдыкту XVI былі ўручаны новыя тамы, выдадзеныя з таго часу.
Са свайго боку Пантыфік падарыў кіраўніку Расіі першы экземпляр рускага тэксту сваёй апошняй энцыклікі «Любоў у праўдзе», літаграфію XVII ст. Джавані Ларэнца Беніні і медаль з дароўным надпісам.
Падчас сустрэчы была дадзена высокая ацэнка дыялогу паміж Расіяй і Апостальскай Сталіцай, а таксама паміж Ватыканам і Рускай Праваслаўнай Царквой. Акрамя гэтага, у размове з кардыналам Тарчызіо Бэртонэ Дзмітрый Мядзведзеў адзначыў, што падпісаў указ аб усталяванні дыпламатычных адносінаў паміж Расіяй і Ватыканам.
Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў Расіі арцыбіскуп Антоніо Меніні станоўча ацаніў рашэнне Прэзідэнта краіны ўсталяваць дыпламатычныя адносіны паміж дзвюма дзяржавамі, пераўтварыўшы прадстаўніцтва Расіі ў Ватыкане ў пасольства. «Гэтае рашэнне з’яўляецца пацвярджэннем факту добрага ўзроўню адносінаў паміж Апостальскай Сталіцай і Расійскай Федэрацыяй, якія развіваюцца, асабліва ў апошнія гады, у напрамку ўзаемнага супрацоўніцтва», — падкрэсліў арцыбіскуп Меніні. Разам з тым прадстаўніцтва Ватыкана выказала ўпэўненасць у тым, што «расійскія католікі будуць, як і раней, рабіць свой унёсак у маральнае, грамадскае і духоўнае развіццё Расіі дзеля дабра чалавека і ўсёй гэтай вялікай краіны».