Бэнэдыкт XVI заклікаў святароў да ажыўлення сакрамэнту пакаяння |
Святы Айцец |
11.03.2010 18:04 |
Падчас сустрэчы Бэнэдыкт XVI адзначыў, што кожнаму святару важна жыць глыбокім разуменнем пакаяння. «Усведамленне ўласнай абмежаванасці і прыбягання да Божай міласэрнасці, каб прасіць аб прабачэнні, навярнуцца сэрцам і атрымаць апору на шляху да святасці, мае асноўнае значэнне ў жыцці святара», — сказаў Пантыфік, падкрэсліўшы, што толькі той, хто сам спазнаў Божую міласэрнасць, можа быць яе перакананым абвяшчальнікам. Святы Айцец падкрэсліў, што перад абліччам выклікаў, якія ставяць перад сучасным чалавекам геданістычнае і рэлятывісцкае мысленне, яшчэ больш клапатлівым павінна быць служэнне сведкі Божай міласэрнасці. Папа ўзгадаў складаныя гістарычныя абставіны, у якіх дзейнічаў св. Ян Марыя Віянэй. Нягледзячы на цяжкасці, святы жыў духам малітвы, асабістым кантактам з Хрыстом, цэлебраваннем святой Імшы, адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і евангельскай беднасцю. Такі стыль жыцця, па словах Пантыфіка, схіляў вернікаў да таго, каб ісці да яго ў канфесіянал. Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што святарам важна даць дасканалы адказ на сваё пакліканне, таму што толькі ў гэтым выпадку яны змогуць абудзіць у верніках пачуццё граху, надаць ім адвагі і выклікаць у іх сэрцах прагу Божага прабачэння. |