Бэнэдыкт XVI аб значэнні тэалогіі Эрыка Пэтэрсана |
Святы Айцец |
26.10.2010 12:53 |
Аб асаблівым месцы і значэнні прац Эрыка Пэтэрсана, нямецкага пратэстанцкага тэолага, які ў 1930 г. перайшоў у каталіцызм, нагадаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з удзельнікамі навуковага сімпозіўму ў Рыме, арганізаванага з нагоды 50-годдзя смерці гэтага дзеяча. Кажучы аб жыцці і справах Пэтэрсана, Папа заўважыў, што на працягу ўсяго жыцця ён быў непрызнаным і нават не меў пастаяннага месца жыцця. У 30-я гг. ХХ ст. ён пераехаў у Рым, дзе працаваў у галіне гісторыі, асабліва засяроджваючыся на праблемах, звязаных з гісторыяй рэлігіі. «Усё больш ён усведамляў, што няма гісторыі, якая не была б звязана з Богам, што ў гэтых справах Касцёл займае асаблівае месца і мае спецыфічнае значэнне», — адзначыў Пантыфік. Таксама Святы Айцец узгадаў словы Пэтэрсана аб тым, што факт існавання Касцёла, створанага асаблівым чынам, цесна спалучана з фактам, што існуе гісторыя, спецыфічным чынам акрэсленая праз тэалогію. Касцёл атрымлівае ад Бога задачу весці людзей ад існавання абмежаванага і індывідуальнага да паўсюднай камуніі, ад прыроджанага да надпрыроднага, ад таго, што праходзіць, да паўнаты існавання. |