Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI аб значэнні тэалогіі Эрыка Пэтэрсана
Святы Айцец
26.10.2010 12:53

Аб асаблівым месцы і значэнні прац Эрыка Пэтэрсана, нямецкага пратэстанцкага тэолага, які ў 1930 г. перайшоў у каталіцызм, нагадаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з удзельнікамі навуковага сімпозіўму ў Рыме, арганізаванага з нагоды 50-годдзя смерці гэтага дзеяча.

Кажучы аб жыцці і справах Пэтэрсана, Папа заўважыў, што на працягу ўсяго жыцця ён быў непрызнаным і нават не меў пастаяннага месца жыцця. У 30-я гг. ХХ ст. ён пераехаў у Рым, дзе працаваў у галіне гісторыі, асабліва засяроджваючыся на праблемах, звязаных з гісторыяй рэлігіі.

«Усё больш ён усведамляў, што няма гісторыі, якая не была б звязана з Богам, што ў гэтых справах Касцёл займае асаблівае месца і мае спецыфічнае значэнне», — адзначыў Пантыфік. Таксама Святы Айцец узгадаў словы Пэтэрсана аб тым, што факт існавання Касцёла, створанага асаблівым чынам, цесна спалучана з фактам, што існуе гісторыя, спецыфічным чынам акрэсленая праз тэалогію. Касцёл атрымлівае ад Бога задачу весці людзей ад існавання абмежаванага і індывідуальнага да паўсюднай камуніі, ад прыроджанага да надпрыроднага, ад таго, што праходзіць, да паўнаты існавання.

Бэнэдыкт XVI нагадаў таксама аб адной з найважнейшых ідэй Пэтэрсана. Тэолаг лічыў, што праз Касцёл праходзіць жыватворная плынь, якая бярэ пачатак у Святым Пісанні, у нястомным аднаўленні на падставе вучэння апосталаў. «Праз біскупаў сведчанне Святога Пісання застаецца ў Касцёле жывым і будуе падставы для заўсёды актуальных перакананняў веры Касцёла, якія мы знаходзім найперш у Сімвале веры і ў догматах. Яны выяўляюцца ў літургіі, у жыцці Касцёла, у праслаўленні Бога. Эўхарыстычная цэлебрацыя знаходзіцца ў непарыўнай сувязі з Ерузалемам… у ёй складаецца сапраўдная і адвечная ахвяра хвалы Богу і Баранку, і гэтая зямная цэлебрацыя з’яўляецца іх адзіным вобразам. Хто ўдзельнічае ў святой Імшы, знаходзіцца ў пэўным сэнсе на парозе неба», — дадаў Пантыфік.

Кажучы аб асабістым лёсе тэолага, Папа падкрэсліў, што ў ім выяўляецца сітуацыя кожнага хрысціяніна, які не мае трывалага прыпынку на зямлі. Пасля пераходу ў каталіцызм Пэтэрсан страціў месца выкладчыка ўніверсітэцкай кафедры і сродкі на існаванне. Па словах Папы, ён быў чужы як пратэстанцкай, так і тагачаснай каталіцкай тэалогіі. «Сёння мы можам сказаць, што ён належаў да абедзвюх, бо можам навучыцца ў яго абедзвюм», — адзначыў Святы Айцец.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.