Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI падпісаў дэкрэты, якія датычаць 16 кандыдатаў да беатыфікацыі і кананізацыі
Святы Айцец
10.12.2010 18:24

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI упаўнаважыў Кангрэгацыю па справах Кананізацыі да абвяшчэння дэкрэтаў, якія датычаць 16 кандыдатаў да беатыфікацыі і кананізацыі. Гэта адбылося 10 снежня 2010 г. падчас аўдыенцыі, якую Папа ўдзяліў старшыні гэтага ведамства кардыналу Анджэло Амато.

У 5 дэкрэтах гаворыцца аб прызнанні цудаў, адзін з іх датычыць кананізацыі, а астатнія 4 — беатыфікацыі. Тры дэкрэты прызнаюць мучаніцтва 8 чалавек, яшчэ чатыры кажуць аб гераічных цнотах.

Адзін з дэкрэтаў аб цудах датычыць біскупа Пармы Гвідо Канфорці (1865–1931), заснавальніка місіянерскай супольнасці ксавэрыянаў, які быў беатыфікаваны 17 сакавіка 1996 г. Янам Паўлам ІІ. Астатнія дэкрэты сведчаць аб цудах, якія прыпісваюцца заступніцтву кс. Франчэско Палеары, італьянца (1863–1939), Анны Марыі Англарыл, іспанкі, заснавальніцы Інстытута сясцёр Святой Сям’і з Ургелла (1800–1885), Марыі Клары ад Дзіцятка Езус, партугалкі, заснавальніцы Супольнасці шпітальных сясцёр францішканак Беззаганнага Зачацця (1843–1899) і Дульчэ (Марыі Понтэс), бразільянкі, сястры законнай ад Місіянерак Беззаганнага Зачацця Маці Божай (1914–1992).

Дэкрэты аб мучаніцтве датычаць кс. Алаіза Андрыцкага з Германіі (1914–1943), які зведаў пераслед гестапа ў часы Другой сусветнай вайны, кс. Джозэфа Надала (1911–1936) і кс. Джозэфа Джордана (1906–1936), забітых у Манзоне падчас рэлігійнага пераследу ў Іспаніі, кс. Антонія (Міхеля) Лопеза (1907–1936), кс. Бонавэнтуры (Бальтазара) Марцінэза (1912–1936) , кс. Пятра Барбы (1895–1936) і кс. Фульгенцыя Гарсіі (1911–1936), забітых у Іспаніі у той жа час.

Дэкрэты аб гераічных цнотах датычаць кс. Антоніо Палладыно, італьянца (1881–1926), заснавальніка Супольнасці дамініканак ад Найсвяцейшага Сакрамэнту, а. Бехара (Селіма Абу-Мурада), ліванца (1853–1930), Марыі Андрэолі, італьянкі (1861–1935), заснавальніцы Супольнасці служак Марыі, i Марыі Пілар ад Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, іспанкі (1881–1966), законніцы з Інстытута Дачок Марыі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.