У Аргенціне адбылася беатыфікацыя Марыі Перэз |
17.11.2012 20:33 |
17 лістапада ў Пергаміна (Аргенціна) адбылася беатыфікацыя законніцы Марыі Перэз. Урачыстую святую Імшу ўзначаліў прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынал Анджэла Амата. Благаслаўлёная Марыя Перэз, якая пражыла няпоўных 35 гадоў, пакінула пра сябе памяць як пра асобу, цалкам аддадзеную служэнню іншым, асабліва цяжка хворым дзецям, якіх яна даглядала з вялікай любоўю і самавырачэннем. Марыя Перэз нарадзілася 17 жніўня 1897 г. у мястэчку Сан-Марцін каля Буэнас-Айрэса і была пятым дзіцём у сям’і імігрантаў з іспанскай Галіцыі. Яна выхоўвалася ў моцнай веры, з дзяцінства адзначалася глыбокай пабожнасцю і чуласцю да праблем іншых людзей. У 1905 г. сям’я будучай благаслаўлёнай пераехала ў Пергаміна, і там праз два гады Марыя пачала вучобу ў супольнасці сясцёр Найсвяцейшай Панны Марыі. Супольнасць несла дапамогу асабліва хворым і патрабуючым, займалася выхаваннем маладых дзяўчат. (AG) |