10 лістапада ў катэдральным касцёле ў Спалета (Італія) прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынал Анджэла Амата далучыў да ліку благаслаўлёных Марыю Луізу Просперы, настаяцельніцу бэнэдыктынскага кляштара ў Трэві. З-за выключнага прыкладу святасці ў законным жыцці яна чатыры разы абіралася настаяцельніцай сваёй супольнасці.
Марыя Луіза Просперы нарадзілася ў 1799 г. Яе жыццё вызначалася малітвай, маўчаннем, містычным вопытам зносінаў з Богам і адданасцю Сэрцу Езуса. Таксама Марыя Луіза валодала моцнай асабістай харызмай, маючы і мяккасць, і аўтарытэтнасць.
Кардынал Амата падчас беатыфікацыйнай урачыстасці назваў Марыю Луізу «жанчынай, закаханай у Бога», «гераічнай перш за ўсё ў веры». Іерарх дадаў, што «цвёрдая, трывалая, бязмежная вера ўзнімала яе на вышыню Божых таямніц», і «здавалася, што яна магла бачыць вачыма тое, што мы ўспрымаем верай».
«Перад веліччу яе веры, яе любові і пакоры можна адчуць сябе згубленым, — адзначыў кардынал, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё. — Наша слабая, пужлівая і пасрэдная вера, магчыма, лічыць яе сведчанне перабольшаным. Але ў гэтым выпадку мы забываем, што вера не можа быць пераацэнена».
Аб высокай каштоўнасці сведчання благаслаўлёнай нагадаў і арцыбіскуп Спалета Рэната Баккарда, падкрэсліўшы, што «яркае святло» яе святасці, пражытай у засяроджанасці законнага жыцця, умацоўвае ў верніках упэўненасць, што кожнаму даецца магчымасць «жыць у сяброўстве з Богам, калі асабістыя адносіны з Ім надаюць форму думкам, словам і справам». (AG)
|