Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI верыць у паглыбленне каталіцка-лютэранскага дыялога
Святы Айцец
16.12.2010 18:04

Надзею на паглыбленне каталіцка-лютэранскага дыялога выказаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, прымаючы 16 снежня 2010 г. прадстаўнікоў Сусветнай лютэранскай федэрацыі — яе старшыню епіскапа Муніба Юнана і генеральнага сакратара пастара Марціна Юнге. Папа нагадаў, што ў пачатку свайго Пантыфікату ўжо сустракаўся з кіраўніцтвам федэрацыі.

Як заўважыў Пантыфік, распачаты тэалагічны дыялог і практычнае супрацоўніцтва дазволілі пераадолець перашкоды, і сёння ўжо можна бачыць сувязі еднасці. Папа нагадаў аб 10-годдзі Супольнай дэкларацыі ў справе вучэння аб апраўданні, якая ўяўляе сабой важны крок на цяжкім шляху да вяртання поўнай еднасці хрысціян і спрыяе далейшай экуменічнай дыскусіі.

Святы Айцец адзначыў таксама, што Міжнародная лютэранска-каталіцкая камісія па справах еднасці рыхтуе супольны тэкст, які засведчыць, што католікі і лютэране могуць дзейнічаць разам пасля амаль 5 стагоддзяў раздзялення. «Я спадзяюся, што гэтая экуменічная дзейнасць створыць новыя магчымасці для католікаў і лютэран, каб стаць бліжэй у нашым жыцці, сведчанні Евангелля і высілках нясення святла Хрыста ва ўсе вымярэнні грамадства», — дадаў Папа.

Лютэране з’яўляюцца трэцяй па велічыні хрысціянскай супольнасцю ў свеце пасля католікаў і праваслаўных. Сусветная лютэранская федэрацыя ўключае 140 Цэркваў з 79 краін, у якія ўваходзяць каля 70 мільёнаў вернікаў. Сядзіба федэрацыі знаходзіцца ў Жэневе (Швейцарыя).

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.