Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI да рымскай паліцыі: даваць прыклад сувязі веры і здаровай свецкасці
Святы Айцец
21.01.2011 16:35

На важнасць сустрэчы чалавека з Богам, вяртання да сваіх духоўных і маральных каранёў, чаму спрыяе таксама грамадства і яго арганізацыі, указаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. 21 студзеня 2011 г. Папа ўдзяліў аўдыенцыю кіраўніцтву і супрацоўнікам рымскай паліцыі.

Па словах Пантыфіка, змены, якія адбываюцца ў сучасным грамадстве, часта нараджаюць у людзей пачуццё адсутнасці бяспекі, чаму садзейнічае таксама грамадская і эканамічная нестабільнасць. У многіх грамадзян усё гэта выклікае песімізм. «Перад абліччам гэтай спакусы мы, хрысціяне, з’яўляемся асабліва адказнымі за тое, каб знайсці новую стабільнасць у вызнаванні веры і чыненні дабра, каб надалей быць побач з людзьмі ў іх радасцях і цярпеннях, у шчаслівыя і змрочныя гадзіны іх зямнога жыцця», — падкрэсліў Святы Айцец.

Як дадаў Папа, сёння вялікая ўвага звяртаецца на суб’ектыўнае вымярэнне чалавечага існавання. З аднаго боку, гэта добра, бо дазваляе паставіць чалавека і яго годнасць у цэнтры як інтэлектуальных разважанняў, так і гістарычных падзей. «Нельга, аднак, забываць, што чалавек знаходзіць сваю найглыбейшую годнасць у поўным любові позірку Бога, у адносінах да Яго», — адзначыў Пантыфік і ў гэтым кантэксце падкрэсліў важнасць звяртання ўвагі на чалавечае сумленне, чаму спрыяюць, між іншым, органы аховы правапарадку.

«Новыя выклікі, якія з’яўляюцца на небасхіле, патрабуюць, каб Бог і чалавек зноў сустрэліся, каб грамадства і яго арганізацыі знайшлі сваю „душу“, свае духоўныя і маральныя карані, каб надаць моц этычным і прававым каштоўнасцям», — падкрэсліў Папа. Святы Айцец заахвоціў паліцэйскіх даваць прыклад пазітыўнай сувязі здаровай свецкасці і хрысціянскай веры, тым больш што паспяховасць іх службы залежыць ад спалучэння прафесіяналізму з глыбокім гуманізмам і такімі якасцямі, як цярплівасць, прысвячэнне сябе, гатоўнасць выслухаць іншага.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.