Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI сустрэўся з Прэзідэнтам Расіі
Святы Айцец
17.02.2011 16:45

Амаль 35 мінут працягвалася прыватная размова Святога Айца Бэнэдыкта XVI з Прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым, якая адбылася 17 лютага 2011 г. у Апостальскім палацы ў Ватыкане. «Гэта вельмі важная сустрэча», — адзначыў Папа, вітаючы свайго госця ў Троннай зале.

На заканчэнне аўдыенцыі расійскі лідэр падарыў Пантыфіку дзве кнігі: збор лістоў былога Прэзідэнта Барыса Ельцына да кіраўнікоў дзяржаў у 1996–1999 гг., у тым ліку да папы Яна Паўла ІІ, і том «Праваслаўнай энцыклапедыі», а таксама карціну з выявай Масквы і Крамля.

Са свайго боку Папа ўручыў Дзмітрыю Мядзведзеву мазаіку з выявай Ватыкана, а іншым членам дэлегацыі — памятныя медалі. Расійскага лідэра суправаджалі каля 10 чалавек, у тым ліку яго жонка Святлана Мядзведзева, віцэ-прэм’ер Аляксандр Жукаў і міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў.

Пасля аўдыенцыі ў Святога Айца, што, як адзначыла Прэс-служба Апостальскай Сталіцы, мела характар сардэчнай размовы, Прэзідэнт Расіі сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці кардыналам Тарчызіо Бэртонэ і Сакратаром па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага Сакратарыяту Ватыкана арцыбіскупам Дамінікам Мамбэрці. У ходзе размоваў было згадана аб «добрых двухбаковых адносінах» і падкрэслівалася жаданне іх умацавання. Гаварылася таксама аб сённяшняй міжнароднай сітуацыі з асаблівай увагай да Блізкага Усходу.

Сённяшні візіт Дзмітрыя Мядзведзева ў Ватыкан быў другім па ліку. Упершыню Бэнэдыкт XVI сустрэўся з расійскім лідэрам 3 снежня 2009 г.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.