Папа заклікае маранітаў паглыбляць фармацыю духавенства і моладзі |
Святы Айцец |
14.04.2011 15:53 |
Да лепшай фармацыі святароў і кансэкраваных асобаў, да звяртання асаблівай увагі на духоўную і інтэлектуальную адукацыю моладзі заклікаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI мараніцкі Касцёл. 14 красавіка 2011 г. Папа сустрэўся ў Ватыкане з дэлегацыяй маранітаў на чале з Патрыярхам Бешарам эль-Раі. Па словах Пантыфіка, у літургіі, якую мараніцкі іерарх будзе цэлебраваць у Ватыкане, праявіцца «паўната камуніі паміж наступнікам Князя Апосталаў і 77-м наступнікам св. Марона, Айца і кіраўніка Антыяхійскага мараніцкага Касцёла». Менавіта ў Антыёхіі, як дадаў, веруючых у Хрыста ўпершыню назвалі хрысціянамі. «Ваш Касцёл, яго багатая духоўная, літургічная і тэалагічная традыцыя, якая бярэ пачатак у антыяхійскай, адорвае гэтым скарбам увесь Касцёл», — падкрэсліў Святы Айцец. Мараніты, працягваў Папа, маюць вялікае значэнне на Блізкім Усходзе. Падчас мінулагодняга пасяджэння Сіноду Біскупаў для гэтага рэгіёну яны шматразова ўказвалі на неабходнасць новага абвяшчэння Евангелля тым, хто ведае яго мала або адышоў ад Касцёла. «Гэты рэгіён, які патрыярхі, прарокі, апосталы і сам Хрыстус благаславілі сваёй прысутнасцю і прапаведаваннем, імкнецца да таго трывалага міру, які здольнае ўстанавіць Слова праўды», — адзначыў Пантыфік. Папа таксама заклікаў мараніцкіх іерархаў паглыбляць фармацыю святароў і моладзі, якую Пан кліча «ў вашых дыяцэзіях і законных супольнасцях». |