Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: Касцёлу патрэбна тэалогія, а тэалогіі — вера, якая жыве ў Касцёле
Святы Айцец
02.12.2011 16:24

На цесную сувязь тэалагічнага разважання і веры Касцёла ўказаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з членамі Міжнароднай тэалагічнай камісіі 2 снежня 2011 г. З 28 лістапада па 2 снежня камісія праводзіла пасяджэнне на тэмы метадалагічных пытанняў у сучаснай тэалогіі, разумення монатэізму і значэння грамадскага вучэння Касцёла.

Як адзначыў Папа, узгадваючы пра перыяд Адвэнту, які зараз перажывае Касцёл, кожны тэолаг павінен быць чалавекам Адвэнту, сведкам чуйнага чакання Слова, якое асвятляе шляхі разумення. Кажучы аб першым пытанні, якое разглядалася падчас пасяджэння Тэалагічнай камісіі, — пытанні Бога і разуменні монатэізму — Пантыфік выказаў перакананне, што тэалогія можа дапамагчы вернікам усвядоміць, што трынітарны монатэізм — праўдзівая крыніца асабістага і паўсюднага міру. Закранаючы пытанне ўкладу тэалогіі ў сусветную думку, Святы Айцец нагадаў, што яна адыграла важную гістарычную ролю ў паўстанні ўніверсітэтаў. Сёння гэта надзвычай важна, каб «забяспечыць гарманічнае суіснаванне розных навук і пазбегнуць засілля рэлігійнасці, якая працівіцца розуму, або інтэлекту, што супраціўляецца рэлігіі».

Як падкрэсліў Папа, «без звяртання ўвагі на бліжняга, без прабачэння і любові ніводная чалавечая супольнасць не можа жыць у міры». Таксама Пантыфік згадаў аб важнасці супрацоўніцтва з тымі, хто не падзяляе каталіцкай веры, на карысць супольнага дабра.

Па словах Бэнэдыкта XVI, Касцёлу патрэбна кампетэнтнае разважанне тэолагаў на тэму таямніцы Бога Езуса Хрыста і Яго Касцёла. «Без здаровага і глыбока інтэлектуальнага тэалагічнага разважання Касцёл апынуўся б пад пагрозай няўмення выявіць поўную гармонію веры і розуму. Адпаведна без вернага перажывання камуніі з Касцёлам і акцэптацыі яго вучэння тэалогія не здолела б абгрунтаваць дары веры», — адзначыў Пантыфік.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.