Бэнэдыкт XVI наведаў паліклініку «Джэмэллі» |
Святы Айцец |
03.05.2012 14:39 |
3 мая Святы Айцец Бэнэдыкт XVI наведаў факультэт медыцыны і хірургіі імя Агастына Джэмэллі Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца, які знаходзіцца ў Рыме і больш вядомы як паліклініка «Джэмэллі». Візіт Пантыфіка быў прымеркаваны да 50-годдзя гэтай установы. Звяртаючыся да супрацоўнікаў медыцынскага факультэта, Папа адзначыў, што мы жывём у час, калі натуральныя навукі змянілі бачанне свету і самаўспрыняцце чалавека. Пантыфік падкрэсліў, што з аднаго боку шматлікія адкрыцці і новыя тэхналогіі могуць быць прычынай гонару і аптымізму, але ў той жа час «чалавек сучаснай эпохі часта жыве ва ўмовах рэдукцыянізму і рэлятывізму, якія вядуць да страты сапраўднага значэння рэчаў». Святы Айцец адзначыў важнасць таго, каб навука адкрылася на пошук Бога і заклікаў персанал паліклінікі «Джэмэллі» захоўваць каталіцкую ідэнтычнасць установы, злучаючы навуковыя даследванні і служэнне чалавечаму жыццю. «Каталіцкі медыцынскі факультэт — гэта месца, дзе трансцэндэнтны гуманізм з’яўляецца не толькі рытарычным слоганам, але правілам, якім жывуць у штодзённасці», — прыводзіць словы Пантыфіка Ватыканскае радыё. |