У Мілане Бэнэдыкт XVI сустрэўся з палітыкамі |
Святы Айцец |
04.06.2012 10:16 |
«Ніякая людская ўлада не можа разглядацца як боская, а значыць, ніводзін чалавек не можа быць уладаром іншага чалавека», — з такімі словамі Святы Айцец Бэнэдыкт XVI звярнуўся да італьянскіх палітыкаў. Сустрэча прайшла 2 чэрвеня ў Мілане, куды Пантыфік прыбыў на Сусветную сустрэчу сем’яў. Падчас сустрэчы Папа падкрэсліў, што свабода не з’яўляецца прывілеем некалькіх асоб, але правам усіх, каштоўным правам, якое грамадскія ўлады павінны гарантаваць усім жыхарам краіны. «Аднак свабода не азначае самавольства асобнага чалавека, але мае на ўвазе адказнасць за кожнага. Тут мы знаходзім адзін з асноўных элементаў свецкасці дзяржавы: забяспечыць свабоду для ўсіх у павазе да іншага чалавека і ў кантэксце законаў, якія накіраваны на карысць усіх», — прыводзіць словы Пантыфіка Ватыканскае радыё. Бэнэдыкт XVI дадаў, што заканадаўства і дзейнасць дзяржаўных устаноў павінны быць скіраваны на служэнне сям’і. «Дзяржава паклікана прызнаваць уласцівую ідэнтычнасць сям’і, заснаваную на сужэнскім саюзе, адкрытую на жыццё, а таксама правы бацькоў на свабодную адукацыю і выхаванне сваіх дзяцей», — патлумачыў Пантыфік. І ў гэтым служэнні дзяржавы грамадзянам важна канструктыўнае супрацоўніцтва з Касцёлам, які можа ахвяраваць грамадству свой досвед, навучанне, традыцыю, установы, якімі ён служыць народу. Пантыфік заўважыў, што перыяд крызісу патрабуе смелых тэхнічна-палітычных рашэнняў, таму заклікаў палітыкаў з вялікай адданасцю працаваць на карысць дабра грамадзян, што з’яўляецца яснай праявай і бачным знакам любові з іх боку. |