Бэнэдыкт XVI: «Так» радасці — значыць «так» жыццю |
Святы Айцец |
06.08.2012 15:45 |
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI дзякаваў 3 жніўня вечарам сваім землякам з Баварыі за канцэрт традыцыйнага фальклору, які прайшоў на падворку Апостальскага палаца ў Кастэль Гандольфа. Папа ўсклікнуў па-баварску: «Vergelt’s Gott» («заплаці, Божа»). Святы Айцец запэўніў, што гэты вечар дазволіў яму пабываць на Радзіме. Папа з гонарам адзначыў, што баварская культура — гэта культура весялосці, якая нараджаецца з прыняцця свету, з унутранага «так» жыццю, а значыць, «так» радасці адчування гармоніі з усім стварэннем і Створцам. Паводле Папы, гэта не складана зрабіць, бачачы шчодрасць Бога, які стварыў Баварыю поўнай прыгажосці. «Яна стала такой прыгожай толькі праз чалавечую культуру, іх веру і радасць, спевы, музыку і мастацтва. (...) Бог пажадаў зрабіць гэта з дапамогай людзей», — сказаў Пантыфік. Як паведамляе Ватыканскае радыё, Бэнэдыкт XVI запытаўся ў землякоў, ці можна так радавацца жыццю ў моры праблем і пакут, моцнай цемры, што існуе ў свеце. «Так», — адказаў сам Святы Айцец, бо без радасці немагчыма нікому дапамагчы. І хрысціяне гэта ведаюць дзякуючы сваёй веры. «Хто не любіць сябе самога, не можа нічога даць іншаму, не можа дапамагчы, не можа быць прапаведнікам міру», — выказаў перакананне Пантыфік. |