Папа да афрыканскіх вернікаў: распаўсюджвайце пасланне радасці і надзеі |
Святы Айцец |
05.09.2012 15:40 |
5 верасня Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI прывітаў удзельнікаў кангрэса свецкіх вернікаў Афрыкі «Быць сведкам Езуса Хрыста ў сучаснай Афрыцы», які праходзіць 4–9 верасня ў сталіцы Камеруна, Яундзе. Папа звярнуў увагу на небяспеку, звязаную з матэрыяльнымі, духоўнымі і маральнымі праблемамі, выкліканымі секулярызацыяй, але ў той жа час падкрэсліў, што Афрыка мае дастаткова «духоўных рэсурсаў, каштоўных для нашага часу». Па словах Пантыфіка, такімі рэсурсамі з’яўляюцца любоў афрыканскіх вернікаў да жыцця і сям’і, разуменне імі сэнсу радасці і дзялення, гарачае жыццё верай у Пана. «Ніколі не дазваляйце, каб рэлятывісцкая і нігілістычная ментальнасць, якая паразіла многія часткі свету, уварвалася ў вашу рэчаіснасць! Прыміце і распаўсюджвайце з новай сілай пасланне радасці і надзеі, якое вядзе да Хрыста, пасланне, здольнае ачысціць і ўмацаваць вялікія каштоўнасці вашых культур», — заклікаў Святы Айцец, чые словы цытуе Ватыканскае радыё. Папа нагадаў, што ў сваёй энцыкліцы «Spe salvi» звяртаў увагу на прыклад св. Бакхіты — рабыні з Судана, якая дзякуючы знаёмству з Езусам і адкрыццём надзеі, што ёй была падаравана, больш не адчувала сябе рабыняй, але свабоднай дачкой Бога. «Адкрыццё хрысціянскай надзеі нарадзіла ў ёй новае жаданне: яна адчула абавязак падарыць вызваленне, якое атрымала дзякуючы сустрэчы з Богам, іншым, як мага большай колькасці людзей», — сказаў Пантыфік і дадаў, што менавіта ў гэтым заключаецца місія свецкіх вернікаў, каб зрабіць Афрыку «кантынентам надзеі». |