Копцкі Патрыярх Александрыі заклікае спыніць дыскрымінацыю егіпецкіх хрысціян |
30.04.2013 12:05 |
Копцкі Патрыярх Александрыі просіць Прэзідэнта Егіпта Мухамеда Мурсі спыніць дыскрымінацыю хрысціян у краіне. Тавадрас ІІ прапанаваў распачаць канкрэтныя дзеянні супраць рэлігійнага насілля.
У размове з выданнем «Al Ahram», на якое спасылаецца польская рэдакцыя Ватыканскага радыё, іерарх узгадаў напады, падчас якіх толькі за апошні месяц загінула 7 егіпецкіх хрысціян. Па словах Патрыярха, улады краіны павінны забяспечыць роўнасць усім яе жыхарам, бо копты належаць да гісторыі і грамадства Егіпта гэтак жа, як і мусульмане.
Тавадрас ІІ нагадаў, што копцкім вернікам не дазваляецца будаваць святыні, яны не дапускаюцца на важныя грамадскія пасады. Гэтая сітуацыя, дадаў Патрыярх, усё часцей змушае іх да эміграцыі.
У наступным месяцы Патрыярх Тавадрас сустрэнецца са Святым Айцом Францішкам. (AG)
|