Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ксёндз Ламбардзі: Папа даў моладзі Лівана не павярхоўныя, але глыбокія адказы
Святы Айцец
17.09.2012 11:58

Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі SI адзначыў, што візіт Бэнэдыкта ХVI у Ліван прайшоў з вялікім поспехам як з духоўнага, так і з чалавечага пункту гледжання. «Ліван чакаў візіту Папы, каб пачуць словы суцяшэння для сваёй еднасці, унутранага супакою, суіснавання розных этнічных груп, і гэта было дасягнута», — сказаў святар.

Як падкрэсліў кс. Ламбардзі ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, жыхары Лівана прынялі Бэнэдыкта ХVI вельмі гасцінна, і яго пасланне міру і павагі, безумоўна, дасягнула іх. Італьянскі езуіт дадаў, што «падарожжа было вельмі плённым» таксама з міжрэлігійнага пункту гледжання, асабліва адносін з мусульманамі. Паводле кс. Ламбардзі, мусульмане выказалі вялікую цікавасць да постсінадальнай адгартацыі «Касцёл на Блізкім Усходзе». «Яны разумеюць, што яна скіравана перш за ўсё да хрысціян, але можа таксама быць цікавай і для іх», — сказаў святар.

Дырэктар Ватыканскага радыё нагадаў таксама пра заклік Папы да арабскіх краін, каб яны ўзаемна прызнавалі сябе братамі. «Гэта заклік да іх пачуцця адказнасці за дзеянні на карысць міру», — адзначыў кс. Ламбардзі. Па словах прэс-сакратара Апостальскай Сталіцы, прамова Папы падчас сустрэчы з хрысціянскай і мусульманскай моладдзю, будучыняй гэтых земляў, была вельмі важнай. «Папа заахвоціў іх да надзеі і да таго, каб яны не пакідалі гэтых земляў, але сумесна будавалі лепшую будучыню сваёй краіны», — сказаў кс. Ламбардзі, дадаўшы, што маладыя людзі павінны супрацьдзейнічаць страхам і знеахвочанням, якія могуць узнікаць у гэтым рэгіёне. «Папа даў моладзі не павярхоўныя, але глыбокія адказы, якія патрабуюць ад іх, каб яны ўключыліся ў працу на карысць будучыні Лівана», — падкрэсліў святар.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.