Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец да біскупаў: кожны вернік павінен адчуваць адказнасць за абвяшчэнне і сведчанне Евангелля
Святы Айцец
20.09.2012 16:08

Забяспечыць усім магчымасць пазнання самых істотных праўдаў веры заахвоціў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI біскупаў, прызначаных у мінулым годзе. 20 верасня Папа сустрэўся ў Кастэль Гандольфа з іерархамі, якія ўдзельнічаюць у сімпозіуме, арганізаваным Кангрэгацыяй па справах Біскупаў і Кангрэгацыяй па справах Усходніх Касцёлаў.

Звяртаючыся да біскупаў, Пантыфік адзначыў, што іх пілігрымка ў Апостальскую Сталіцу мае сёлета асаблівы характар ў сувязі з Годам веры, што распачнецца ў Касцёле 11 кастрычніка, і пасяджэннем Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі, пачатак якога — 7 кастрычніка. Па словах Святога Айца, гэтыя падзеі павінны паспрыяць умацаванню веры людзей. Як дадаў Папа, сустрэча з наступнікам св. Пятра павінна абудзіць у новапрызначаных іерархах пачуццё адказнасці за ўвесь Касцёл, а клопат аб тым, каб Евангелле дасягнула сэрцаў усіх, патрабуе сёння вялікай адвагі.

Бэнэдыкт XVI нагадаў, што задачай біскупаў з’яўляецца ўкараненне і падтрымка дзейнасці Касцёла на карысць новай евангелізацыі. У гэтым неабходная еднасць і супрацоўніцтва ўсіх інстытуцый і супольнасцяў асобных дыяцэзій, бо, як адзначыў Папа, евангелізацыя — гэта справа не абмежаванага кола спецыялістаў, а ўсяго Божага народа пад кіраўніцтвам пастыраў. Па словах Пантыфіка, кожны вернік у супольнасці і разам з супольнасцю павінен адчуваць адказнасць за абвяшчэнне і сведчанне Евангелля.

Святы Айцец заахвоціў біскупаў чэрпаць са спадчыны навучання, духоўнасці і святасці Касцёла, каб умацоўваць народ у веры. Папа заклікаў прадстаўляць «найістотнейшыя праўды веры ў форме сінтэтычнай і арганічнай, каб адказваць таксама на пытанні, якія ставіць наш тэхналагічны і глабалізаваны свет». Пантыфік нагадаў пра вялікую карысць Катэхізіса Каталіцкага Касцёла ў справе евангелізацыі.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што важным абавязкам біскупа з’яўляецца сведчанне веры, заснаванае на жывых адносінах з Богам. «Немагчыма служыць людзям, не будучы найперш слугою Бога», — сказаў Папа. Таксама Святы Айцец заахвоціў іерархаў падтрымліваць блізкія адносіны са сваім духавенствам, клапаціцца пра ўбогіх і церпячых і ўказваць шлях тым, хто страціў арыентацыю ў жыцці.

Пантыфік адзначыў вялікае значэнне душпастырства сем’яў, моладзі, дбання аб фармацыі семінарыстаў.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме