Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да прадстаўнікоў Інтэрполу: арганізаваная злачыннасць сёння квітнее ў месцах паўсядзённага жыцця
Святы Айцец
09.11.2012 20:21

9 лістапада Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI сустрэўся з удзельнікамі Генеральнай асамблеі Інтэрполу — Міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі — якая завяршылася ў Рыме. Падчас сустрэчы Папа адзначыў, што рост злачыннасці з’яўляецца асабліва трывожным для будучыні свету.

«У наш час чалавечая сям’я пакутуе з-за шматлікіх парушэнняў законнасці, што ў многіх выпадках выліваецца ў насілле і злачыннасць», — сказаў Пантыфік. Святы Айцец падкрэсліў, што Інтэрпол, як бастыён міжнароднай бяспекі, мае вялікае значэнне ў рэалізацыі агульнага дабра, бо справядлівае грамадства патрабуе павагі да нормаў сумеснага жыцця.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, Папа звярнуў увагу на тэрарызм і арганізаваную злачыннасць, якія найбольш непакояць сёння міжнародную супольнасць. «Тэрарызм — адна з самых жорсткіх форм насілля. Ён прыносіць нянавісць, смерць, жаданне помсты», — падкрэсліў Папа, дадаўшы, што арганізаваная злачыннасць квітнее ў месцах паўсядзённага жыцця, а яе плёнамі з’яўляюцца гандаль людзьмі, зброяй, наркотыкамі, дзе выкарыстоўваюцца бедныя слаі грамадства.

Пантыфік адзначыў, што гэтыя злачынствы нішчаць маральныя бар’еры, узведзеныя цывілізацыяй, і адраджаюць формы варварства, якія парушаюць правы чалавека і яго годнасць. Святы Айцец дадаў, што Касцёл і Апостальская Сталіца заўсёды падтрымлівалі і будуць падтрымліваць дзейнасць тых, хто змагаецца са злачыннасцю.

(AG)


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.