Бэнэдыкт XVI: адзінства хрысціян залежыць не толькі ад працы вернікаў, але і ад малітвы |
Святы Айцец |
15.11.2012 16:08 |
«На экуменічным шляху нельга спыняцца на палове дарогі», — з такімі словамі 15 лістапада звярнуўся Святы Айцец Бэнэдыкт XVI да ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Пасяджэнне прысвечана тэме экуменізму ў новай евангелізацыі. Па словах Папы, якія прыводзіць Ватыканскае радыё, нельга ігнараваць крызіс веры, які закрануў усе рэгіёны планеты, а таксама патрэбу сучасных людзей у духоўнасці. «Духоўная беднасць многіх нашых сучаснікаў (...) прадстаўляе вялікі выклік для ўсіх хрысціян», — сказаў Бэнэдыкт XVI. Таму «даванне сведчання аб жывым Богу — гэта імператыў для ўсіх хрысціян, імператыў, які аб’ядноўвае, насуперак няпоўнаму касцёльнаму адзінству, якое мы ўсе зараз перажываем». Святы Айцец заклікаў памятаць аб тым, што аб’ядноўваць хрысціян павінна вера ў Бога, Айца і Стварыцеля, які адкрыўся ў Сыне Езусе Хрысце праз Духа, які ажыўляе і асвячае. «У святле прыярытэтнага месца веры, — падкрэсліў Папа, — разумеецца і важнасць тэалагічных дыялогаў і дыскусій паміж Цэрквамі і рэлігійнымі супольнасцямі». Такія дыскусіі «дазваляюць прыняць, разам з разыходжаннямі і перашкодамі, таксама багацце вопыту, духоўнага жыцця і тэалагічных разважанняў, якія становяцца стымулам для усё больш глыбокага сведчання», «нават калі ў бліжэйшай будучыні не бачна магчымасці для ўстанаўлення поўнага адзінства». (AG) |