Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI да служачых цыркаў: удзельнічайце ў Божай місіі праз сваю працу
Святы Айцец
01.12.2012 15:29

1 снежня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся са служачымі цыркаў і лунапаркаў. Каля сямі тысяч прадстаўнікоў гэтай прафесіі прыбылі ў Вечны горад, каб прыняць удзел у сустрэчы, арганізаванай Папскай радай пастырства эмігрантаў і падарожнікаў, Рымскай дыяцэзіяй і фондам «Migrantes».

З нагоды сустрэчы на плошчы Св. Пятра быў устаноўлены невялікі цырк, а тысячы ўдзельнікаў мерапрыемства прайшлі па вуліцах Рыма, граючы на музычных інструментах. Кароткае цыркавое прадстаўленне было паказана Святому Айцу ў Ватыкане.

Па словах Папы, гульні, прадстаўленні, танцы і рытмічная музыка, характэрныя для цыркавых прадстаўленняў, дапамагаюць усталяваць прамы дыялог як з дзецьмі, так і дарослымі, выклікаючы пачуцці спакою, радасці і згоды. Святы Айцец падкрэсліў, што менавіта праз гэты свой стыль служачыя цыркаў пакліканы сведчыць аб каштоўнасцях, якія для іх саміх з’яўляюцца традыцыйнымі: гэта любоў да сям’і, клопат аб дзецях, увага да інвалідаў, дагляд за хворымі, павага да пажылых і іх жыццёвага вопыту.

«Вашы прадстаўленні патрабуюць самаадданасці і ахвярнасці, адказнасці і ўпартасці, адвагі і шчырасці: каштоўнасцяў, якія сучаснае грамадства не заўсёды цэніць, але якія паспрыялі фарміраванню ў вашай вялікай сям’і цэлых пакаленняў», — сказаў Папа, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё.

Пантыфік падкрэсліў, што Касцёл вельмі цэніць вернасць традыцыям, якія захоўваюць служачыя цыркаў, і заклікае іх удзельнічаць у Божай місіі праз сваю працу. «Звяртаючы ўвагу на якасць сваіх прадстаўленняў, не забывайце (…) разам з каштоўнасцямі Евангелля працягваць даваць маладым пакаленням надзею і адвагу, у якіх яны маюць патрэбу, асабліва ў адносінах да жыццёвых цяжкасцяў, спакусаў недаверу, закрыцця ў саміх сабе і песімізму, які перашкаджаюць бачыць прыгажосць існавання», — дадаў Святы Айцец.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.