Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец да медалістаў Алімпіяды: спорт можа вучыць перамагаць зло дабром
Святы Айцец
17.12.2012 15:40

17 снежня папа Бэнэдыкт XVI сустрэўся з італьянскімі медалістамі апошніх Алімпійскіх гульняў у Лондане, на якіх каманда Італіі заваявала 28 медалёў. Звяртаючыся да спартсменаў, Святы Айцец падкрэсліў, што Алімпіяда — праверка не толькі іх тэхнічнай падрыхтаванасці, але перш за ўсё чалавечых якасцяў.

Кожны від спорту, па словах Пантыфіка, звязаны са справядлівай барацьбой, «пачуццямі салідарнасці і альтруізму, а таму радасці, задавальнення і свята». Спорт, паводле Папы, прадугледжвае сапраўднае чалавечае развіццё, самаадрачэнне, упартасць, цярпенне і пакору, якая часта не папулярная, але хавае ў сабе сакрэт перамогі.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што спорт заўсёды павінен знаходзіцца на службе чалавеку, павінен выхоўваць, развіваць духоўна і несці трансцэндэнтныя каштоўнасці. «Культура спорту заснавана на першынстве чалавечай асобы; спорт знаходзіцца на службе чалавеку, а не чалавек на службе спорту», — падкрэсліў Папа, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё.

Пантыфік нагадаў, што «Касцёл зацікаўлены ў спорце, паколькі клапоціцца пра чалавека (…) і прызнае, што спартыўная дзейнасць уплывае на адукацыю і фарміраванне асобы, на адносіны, на духоўнасць». Бэнэдыкт XVI упэўнены, што для спартсмена магчыма «навучыцца чуць голас Бога падчас працяглых трэніровак, каб пазнаць Яго ў сваім таварышы і нават праціўніку». Спартыўны вопыт можа дапамагчы адказаць на глыбокія пытанні, якія ставяць новыя пакаленні пра сэнс жыцця, яго арыенціры і мэту.

Святы Айцец нагадаў італьянскім алімпійцам, што для многіх яны з’яўляюцца прыкладам для пераймання і таму пакліканы быць сведкамі гуманнасці. Папа падкрэсліў таксама недапушчальнасць ужывання допінгу для дасягнення хуткіх высокіх вынікаў.

Бэнэдыкт XVІ дадаў, што спорт можа вучыць чалавека перамагаць «зло дабром, хлусню праўдай, нянавісць любоўю перш за ўсё ў сабе».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.