21 снежня папа Бэнэдыкт XVI сустрэўся перад Божым Нараджэннем з працаўнікамі Рымскай Курыі. У прамове да сваіх найбліжэйшых супрацоўнікаў Пантыфік падвёў вынікі года, які падыходзіць да завяршэння.
Як інфармуе Ватыканскае радыё, Святы Айцец узгадаў свае падарожжы ў Мексіку і на Кубу, Сусветную сустрэчу сем’яў у Мілане, візіт у Ліван, а таксама Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі, распачацце Года веры і 50-годдзе Другога Ватыканскага Сабору.
У кантэксце Сустрэчы сем’яў у Мілане Бэнэдыкт XVI адзначыў, што напад на традыцыйную форму сям’і, якая складаецца з бацькі, маці і дзіцяці, мае больш глыбокае вымярэнне, чым здавалася на першы погляд. «Калі да гэтай пары прычыну крызісу сям’і мы бачылі ў неразуменні сутнасці чалавечай свабоды, то зараз становіцца ясна, што коштам з’яўляецца канцэпцыя самога існавання, таго, што на самой справе значыць быць чалавекам», — заўважыў Папа. Таксама Пантыфік нагадаў пра сучасную філасофію сексуальнасці, «паводле якой пол — гэта ўжо не першасны факт натуры, які чалавек павінен прыняць і асабіста напоўніць сэнсам, але сацыяльная роля, якую асоба вызначае самастойна».
Пантыфік вызначыў тры абшары дыялогу, у якім павінен удзельнічаць Касцёл у барацьбе за чалавека і за тое, што значыць быць чалавекам: «дыялог з краінамі, дыялог з грамадзянскай супольнасцю — у тым ліку дыялог з культурамі і навукай — і, нарэшце, дыялог з іншымі рэлігіямі». Што тычыцца дыялогу паміж рэлігіямі, у бліжэйшай будучыні гэта будзе перш за ўсё «дыялог жыцця», скіраваны на дасягненне міру ў свеце.
Паводле Папы, у міжканфесійным дыялогу важныя два правілы: дыялог не імкнецца да навяртання ў сваю веру; у дыялогу абодва бакі свядома захоўваюць сваю ідэнтычнасць, якую не аспрэчваюць адносна сябе ці іншых. Але гэтага не дастаткова, лічыць Пантыфік, паколькі у рэлігіі размова ідзе аб перакананасці ў ісціне. У дыялогу хрысціянін заўсёды мае ўпэўненасць, што «можа бяспечна плаваць у велізарным моры ісціны, не турбуючыся аб сваёй тоеснасці як хрысціяніна».
Святы Айцец звярнуўся таксама да тэмы абвяшчэння Евангелля. «Слова абвяшчэння эфектыўнае там, дзе ў чалавеку існуе гатоўнасць на блізкасць Бога, дзе чалавек шукае ўнутрана і, такім чынам, знаходзіцца на шляху да Пана», — адзначыў Бэнэдыкт XVI. (AG)
|