Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Папы на Дзень сродкаў масавай камунікацыі: сведчыць пра Евангелле ў рэчаіснасці фізічнай і лічбавай
Святы Айцец
24.01.2013 14:40

«Мас-медыя патрабуюць удзелу ўсіх, хто ўсведамляе каштоўнасці дыялога, дыскусіі і лагічнай аргументацыі», — адзначае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у пасланні на Сусветны дзень сродкаў масавай камунікацыі. Пасланне апублікавана 24 студзеня, ва ўспамін св. Францішка Сальскага — апекуна супрацоўнікаў каталіцкіх СМІ.

У пасланні Папа разважае пра развіццё сацыяльных сетак, якія спрыяюць стварэнню «публічнай прасторы, дзе людзі дзеляцца думкамі, інфармацыяй, меркаваннямі, дзе могуць паўстаць новыя сувязі і новыя супольнасці». Калі дыялог у гэтых сетках адбываецца з павагай, адказнасцю і ў праўдзе, то, па словах Пантыфіка, можа ўзмацняць сувязі паміж людзьмі. Удзельнікі такога дыялога павінны «старацца быць праўдзівымі, паколькі ў гэтай прасторы мы не толькі дзелімся поглядамі і інфармацыяй, але і перадаём частку сябе».

Культура сацыяльных сетак, працягвае Папа, а таксама змена формы і стылю камунікацыі становяцца «сур’ёзным выклікам для тых, хто хоча казаць аб праўдзе і каштоўнасцях». Гэтыя сеткі, дадае Святы Айцец, павінны быць сапраўды паўсюднымі, каб у іх удзельнічалі таксама людзі веруючыя, якія б дзяліліся пасланнем Хрыста і Яго каштоўнасцямі. «Лічбавы свет — гэта свет не паралельны або толькі віртуальны, для многіх людзей, асабліва маладых, ён становіцца часткай штодзённай рэчаіснасці», — адзначае Пантыфік.

Папа падкрэслівае, што ўменне карыстацца новымі тэхналогіямі патрэбна не толькі таму, каб паспяваць за духам часу, але «менавіта для таго, каб дазволіць бясконцаму багаццю Евангелля знайсці такія формы выражэння, якія маглі б дасягнуць думак і сэрцаў усіх людзей». Абвяшчэнне Евангелля праз СМІ «засноўваецца не толькі на выражэнні сваёй веры, але і на сведчанні» — значыць на тым, каб меркаванне чалавека было заўсёды глыбока згодным з навучаннем Хрыста, нават тады, калі не казаць пра Яго яўным чынам.

«Для тых, хто адкрытым сэрцам прыняў дар веры, адказ на пытанні аб любові, праўдзе і сэнсе жыцця (…) крыюцца ў асобе Езуса Хрыста, — гаворыцца ў пасланні. — І натуральна, што той, хто верыць, жадае, захоўваючы павагу і далікатнасць, дзяліцца сваёй верай з іншымі людзьмі, якіх сустракае ў лічбавым свеце». Калі ж дзяленне Евангеллем прыносіць добрыя плёны, то гэта, па словах Пантыфіка, адбываецца дзякуючы моцы Божага слова, якое ўзрушае сэрцы.

Сацыяльныя сеткі, як адзначае Святы Айцец, могуць быць не толькі інструментам евангелізацыі, але і фактарам чалавечага развіцця. Напрыклад, у некаторых геаграфічных і культурных умовах, дзе хрысціяне адчуваюць сябе ізаляванымі, яны «могуць узмацняць пачуццё іх еднасці з паўсюднай супольнасцю вернікаў». Таксама сацыяльныя сеткі аблягчаюць дзяленне духоўным і літургічным багаццем, спрыяючы таму, што «людзі могуць маліцца з жывым пачуццём блізкасці тых, хто вызнае тую ж веру». Дзякуючы існаванню лічбавай прасторы можна «запрасіць людзей да перажывання малітоўных сустрэч або да літургічнай цэлебрацыі ў канкрэтныя месцы — касцёлы або капліцы».

Папа заклікае выражаць веру і сведчыць пра Евангелле «ў рэчаіснасці, дзе нам даводзіцца жыць, — фізічнай або лічбавай», быць сапраўднымі абвяшчальнікамі і сведкамі Хрыстовага паслання.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме