Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа падзякаваў на заканчэнне рэкалекцый кардыналу Равазі і Рымскай Курыі
Святы Айцец
23.02.2013 18:00

23 лютага ў Апостальскай Сталіцы завяршыліся рэкалекцыі для Папы і Рымскай Курыі, якія правёў старшыня Папскай рады па культуры кардынал Джанфранка Равазі. На  заканчэнне духоўных практыкаванняў Святы Айцец выказаў іерарху падзяку за іх правядзенне, а таксама супрацоўнікам курыі, якія неслі з Пантыфікам на працягу 8 гадоў цяжар служэння Пятра.

Па словах Папы, удзельнікі рэкалекцый былі ўражаны «багаццем, глыбінёй, прыгажосцю» духоўных разважанняў, якія ім прапанаваў кардынал Равазі і падчас якіх «Божае слова прамаўляла новым спосабам і з новай моцай».

Узгадваючы пра тэму рэкалекцый — «Мастацтва верыць, мастацтва маліцца», — Пантыфік адзначыў, што сярэднявечныя тэолагі «тлумачылі слова „Logos” не толькі як „Verbum”, але і як „ars”: „verbum” i „ars” можна ўзаемазамяняць. Толькі праз гэтыя два словы, на думку тэолагаў таго часу, высвятляецца ўсё значэнне „Logos”: гэта не толькі матэматычны розум, „Logos” мае сэрца і з’яўляецца таксама любоўю. Праўда прыгожая, а праўда і прыгажосць злучаны між сабой: прыгажосць — пячатка праўды».

Папа дадаў, што ў свеце, дзе так шмат зла, адвечная прыгажосць і „ars” павінны з’явіцца як „caput cruentatum” — акрываўленая галава ўцелаўлёнага Божага Сына, увянчанага цярнёвай каронай. Вера, па словах Папы, — гэта адчуванне ў цемры дотыку Божай рукі, слуханне Яго слова ў цішыні.

Звяртаючыся да супрацоўнікаў Рымскай Курыі, Пантыфік адзначыў, што, хоць з яго адыходам са Святога Пасаду знікае яго бачная еднасць з імі, але застаецца «духоўная блізкасць, глыбокая еднасць у малітве».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.