Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дэкан Калегіі кардыналаў падзякаваў Папу за служэнне на Святым Пасадзе
Святы Айцец
28.02.2013 13:45

Удзячнасць за сведчанне апостальскага служэння, поўнага адрачэнняў, выказаў Святому Айцу ад імя Калегіі кардыналаў яе дэкан кардынал Анджэла Садана. У звароце іерарха адзначаецца, што кардыналы, прысутныя ў Рыме, збіраюцца сёння вакол Пантыфіка, каб «выказаць глыбокую любоў і ўдзячнасць» за яго служэнне для дабра Хрыстовага Касцёла і ўсяго чалавецтва.

«Умілаваны і шаноўны Наступнік Пятра, мы мусім табе падзякаваць за прыклад, які даў нам на працягу гэтых васьмі гадоў Пантыфікату, — напісаў кардынал Анджэла Садана. — Сёння, 28 лютага 2013 года, ты збіраешся пакінуць нас, чакаючы, што руль лодкі Пятра пяройдзе ў іншыя рукі. Так будзе працягвацца тая апостальская спадчына, якую Пан абяцаў свайму Святому Касцёлу».

«Святы Ойча, з глыбокай любоўю мы стараліся суправаджаць цябе ў тваёй дарозе, нанава перажываючы вопыт вучняў, якія накіроўваліся да Эмаўса і, прайшоўшы доўгі шлях з Хрыстом, казалі адзін аднаму: „Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?“ (пар. Лк 24, 32). Так, Святы Ойча, ты бачыш, што палала таксама і наша сэрца, калі разам з табой крочылі на працягу гэтых васьмі гадоў. Сёння мы жадаем яшчэ раз выказаць нашу ўдзячнасць», — адзначае дэкан Калегіі кардыналаў.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.